Артыкулы: брыгіткі
брыгіткі, сальватарыянкі, манахіні каталіцкага манаскага ордэна св. Брыгіты (ордэн Найсвяцейшага Збавіцеля, лац. OrdoSanctaeBirgittae, OrdoSanctissimiSalvatoris, OSSalv). Заснаваны каля 1346 у Вадстэне (паўд. Швецыя) Біргітай (Брыгiдай), дачкой шведскага кн. Бiргера, на мадыфікаваных «Правілах св. Аўгусціна». Зацверджаны буламі рымскіх папаў Урбана V (1370) і Урбана VI (1378). Паводле статута, кляштар Б. павінен быў складацца з жаночага і мужчынскага канвентаў, злучаных касцёлам. У ідэале ў кляштары было 85 асоб, у т.л. 60 манашак, 4 дыяканы, 13 капланаў, 8 канверсаў; манахі-мужчыны выконвалі літургічныя і душпастырскія функцыі. Кантакты паміж манашкамі і манахамі былі строга абмежаваны. Аднак большасць кляштараў Б. мелі толькі жаночыя канвенты. Б. насілі цёмна-вішнёвую сутану, такі ж плашч, белую хустку і чорную льняную накідку з каронай з белага палатна з 5 кружкамі чырвонага сукна (памяць пра раны Хрыста). Кляштары Б. знаходзіліся пад юрысдыкцыяй мясц. біскупаў. Былі распаўсюджаны гал.ч. у Паўн. Еўропе. Заняпад ордэна адбыўся ў 16 ст. ў сувязі з Рэфармацыяй. У Польшчы Б. з’явіліся ў 1396 у Гданьску. Каля 1426 кляштар Б. заснаваў у Любліне Ягайла ў гонар Грунвальдскай перамогі. У ВКЛ кляштары Б. існавалі ў Берасці (засн. ў 1623 Аляксандр Гасеўскі, Ян і Кацярына Пацеі, Ігнат Садоўскі, стараста слонімскі), Гародні (засн. ў 1636 вял. маршалак ВКЛ Крыштоф Весялоўскii яго жонка Аляксандра з Сабескiх), Вільні (засн. каля 1650). Усе кляштары Б. у ВКЛ былі аднаканвентныя (жаночыя). Утрымлівалі школы для дзяўчат, значнай ролі не адыгрывалі.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне