Артыкулы: гадзіннік

гадзіннік — прыстасаванне для вымярэння часу ў межах сутак.

Паводле ўскосных звестак, ужо ў 11—13 ст. на Русі выкарыстоўваліся сонечныя (гнамоны), вадзяныя i пясочныя гадзіннікі.

Пясочны гадзіннік паказаны на партрэце першадрукара Ф.Скарыны 1517.

Сонечныя гадзіннікі (рухомыя і нерухомыя) працягвалі ўжывацца ўвесь час існавання ВКЛ. У 1736 у Нясвіжскім езуіцкім калегіуме складзена інструкцыя па вырабе сонечных гадзіннікаў розных канструкцый, ілюстраваная 46 чарцяжамі. Захаваўся сонечны гадзіннік 2-й пал. 18 ст., уладкаваны каля касцёла ў в. Ішчална каля Шчучына (зроблены Я.Малецкім з Вільні). Віленскім майстрам Янам Ігнацым Манувірам у 1770—1787 зроблена прынамсі 8 сонечных гадзіннікаў. У Полацкай езуіцкай акадэміі меліся 3 астранамічныя гадзіннікі, якія былі адпраўлены ў Санкт-Пецярбург у 1830.

Механічны гадзіннік быў вынайдзены ў Заходняй Еўропе (найбольш верагодна, у Італіі ці Англіі) у 2-й пал. 13 ст., у Польшчы вядомы з 2-й пал. 14 ст., у ВКЛ з 16 ст. Першапачаткова гэта былі толькі вежавыя (сцянныя) гадзіннікі. У 16—18 ст. вялікія механічныя гадзіннікі, часта з боем (куранты), устанаўліваліся для ўсеагульнага карыстання на высокіх збудаваннях — вежах, касцёлах, цэрквах. Яны вядомы ў Вільні (1557, вежа кафедральнага касцёла; у пажары 1591 згарэў гадзіннік на вежы кальвінскага збора; у пажары 1707 згарэў гадзіннік Троіцкага манастыра; гадзіннік на вежы езуіцкага калегіума зрабіў Марцін Багноўскі), Нясвіжы, Берасці (1619, на замкавай вежы), Койданаве (1620), Клецку (1626, замак), Слуцку (1642, на замкавай вежы; 1717, на вежы езуіцкага касцёла, зрабіў майстар Міхал Гёнер), Полацку (1654, работы віленскага майстра Густава Мудні), Куцейна (1655, манастырскі), Віцебску (1660, Маркаў манастыр, гадзіншчык Іван Сцяпанаў), Магілёве (1725, езуіцкі касцёл), Юравічах (1776, езуіцкі касцёл), Воўчыне (18 ст., Троіцкі касцёл), Будславе (18 ст., касцёл) і інш. Па прывілеі Боны 1541 Гародня абавязана была мець майстра, які мог бы зрабіць і рамантаваць гадзіннік. Захаваўся гадзіннік апошняй трэці 17 ст. на вежы Гарадзенскага езуіцкага касцёла. Па прывілеі Жыгімонта II Аўгуста 1551 Берасце абавязвалася ўладкаваць гадзіннік і трымаць пры ім трубача.

З 16 ст. вядомы пакаёвыя і партатыўныя механічныя гадзіннікі з пружынай. З іх настольныя мелі форму вежы, квадартнай кафлі, шасцібаковай ці круглай каробкі і інш. Яны не вылучаліся надзейнасцю, але мелі высокі кошт, што высмейвалася ў сатырычнай «Прамове Мялешкі» пачатку 17 ст. Першы партатыўны настольны гадзіннік у Польшчы і ВКЛ быў зроблены ў 1525 майстрам Якубам Чэхам з Прагі для вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны; ён мае выявы гербаў Польшчы (арол) і ВКЛ («Пагоня»). Прыдворных зэгармістраў (гадзіншчыкаў) меў Жыгімот II Аўгуст, у т.л. ў Вільні. Першым з іх быў у 1543—1572 Ян (Януш). З Прусіі да Жыгімонта Аўгуста прыехаў зэгармістр Леанард Фрэнк (упамінаецца ў 1557). У 1566 на каралеўскую службу прыняты Конрад Грыс. Над гадзіннікам Віленскага кафедральнага касцёла наглядаў майстар Ганус Гоненфельд (з 1597). У сярэдзіне 17 ст. ў Вільні вядомы майстры Уручынскі, Ганс Клясен, Ян Шэрэр, Аляксандр Гельман (у 1662—1663 адрамантаваў ратушны гадзіннік, яшчэ раз пасля пажару — у 1670—1674, у 1674 адрамантаваў гадзіннік кафедральнага касцёла). Высокім узроўнем выканання адрозніваюцца настольныя гадзіннікі работы самага дасканалага віленскага майстра Якуба Герке (Гяркевіч, Яркевіч). Вядома больш за дзесятак яго гадзіннікаў, датаваных ад 1616 да 1664. Шмат працаваў над удасканаленнем гадзіннікаў механік, ураджэнец Вільні А.А.Каханскі. Палонныя беларускія гадзіншчыкі ў 2-й пал. 17 ст. працавалі ў Аружэйнай палаце ў Маскве (Міхалка Мікіцін, Філька Тарасаў, Антошка Іваноў). Гадзіншчык з Нясвіжа Е.Якабсон у 1760-я г. зрабіў механічную лічыльную машыну.

Гадзіншчыкаў ў бел. гарадах было няшмат (напрыклад, адзін у Слуцку ў 1728, адзін у Пінску ў 1783, 3 у Клецку ў 17 ст. і 2 у 18 ст.), акрамя Менска (33 майстры ў 1800). Майстры-гадзіншчыкі працавалі ў асноўным паасобку, толькі ў буйных гарадах аб’ядноўваліся з іншымі майстрамі-металістамі ў рамесныя цэхі. Так, з канца 16 ст. віленскія гадзіншчыкі ўваходзілі ў супольны цэх разам з кавалямі, слесарамі, катлярамі, мечнікамі, нажоўнікамі. У 1591 менскія гадзіншчыкі аб’яднаны ў адзін рамесны цэх са злотнікамі, кавалямі, катлярамі, меднікамі, слесарамі i нажоўнікамі (статут цэха зацверджаны Жыгімонтам III Вазам у 1592). У Белай (Берасцейскае ваяв.) у 18 ст., паводле няпэўных дадзеных, існавала гадзіннікавая майстэрня Радзівілаў.

Падрабязней:

Brensztejn M. Zegarmіstrzostwo wіleńskіe w wіekach XVІ і XVІІ // Ateneum Wіleńskіe. 1923. Rok I. Nr. 1. S. 29—38.

Игнатенко А.П. Ремесленное производство в городах Белоруссии в XVІІ—XVІІІ вв. Мн.: Издательство министерства высшего, среднего специального и профессионального образования БССР, 1963. 87 с.

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVІ—первой половине XVІІ в. Минск: Наука и техника, 1966. 227 с.

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVІ—XVІІІ вв.: (социально-экономическое исследование истории городов). Минск: Наука и техника, 1975. 248 с.

Mažeikienė O. XVI—XIX a. laikrodžiai: katalogas. Vilnius: LTSR istorijos ir etnografijos muziejus, 1976. 28 p.

Кулагін А. Бясстрасныя хранометры, жывыя сведкі // Мастацтва Беларусі. 1987. № 4. С. 69—72.

Sіedlecka W. Polskіe zegary. 2 wyd. Wrocław etc.: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1988. 159 s.

Милинкевич А.В. Башенные часы Гродненского иезуитского (фарного) костёла — памятник техники XVІІ века // Из истории науки и техники Белоруссии. Тезисы докладов конференции. 26—27 мая г. Минск. Минск, 1988. С. 178—180.

Онищенко А.А., Климка Л.А. Оригинальные солнечные часы мастера XVІІІ в. И.Манувира // Из истории науки и техники Белоруссии. Тезисы докладов конференции. 26—27 мая г. Минск. Минск, 1988. С. 177.

Милинкевич А.В. История и техническое устройство гродненских башенных часов // Памятники науки и техники, 1989. М.: Наука, 1990. С. 25—32.

Włodarczyk J. Zegary mechanіczne і zegarmіstrzostwo // Z dzіejów technіkі w dawnej Polsce. Warszawa, 1992.

Киштымов А.Л. История часового дела в Беларуси // Очерки истории науки и культуры Беларуси ІX—начала ХХ в. Минск: Навука і тэхніка, 1996. С. 350—354.

KlimkaL. Vilniausbokštų laikrodžiai. Vilnius: Kultūra, 1997. 32 p.

Лаўрэш Л., Круцікаў У., Пастухоў В. Сонечны гадзіннік у Ішчалне // Спадчына. 2000. № 2. С. 139—141.

Киштымов А. Хранители времени: городские зекгармистры // Знакамітыя мінчане. Матэрыялы Беларуска-Польскай навуковай канферэнцыі, Мінск, 9 лістапада 2004 г. Мінск; Вроцлаў, 2005. С. 46—52.

Цітоў А.К. Зэгармістры Беларусі // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 4. Мінск, 2006. С. 141—158.

Цітоў А.К. Спіс майстроў-зэгармістраў, што працавалі ў Беларусі з XVІ да пачатку ХХ ст. // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 5. Мінск, 2007. С. 159—172.

KlimkaL. SaulėslaikrodžiaiLietuvoje. Vilnius: Versus aureus, 2007. 102 p.

Eitutis A. Kalendoriai ir laikrodžiai. Vilnius: Mintis, 2010. 311 p.

Klimka L. Laikrodžiai // Įdomiausi Lietuvos technikos paminklai. Kaunas: Terra publica, 2013. P. 225—241.

© Валерый Пазднякоў, 2010, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.