Артыкулы: гайдамакі

гайдамакі (ад тур. haydamak), удзельнікі антыфеадальных выступленняў на Украіне ў 18 ст. Гайдамацкі рух меў характар стыхійных разрозненых выступленняў узбр. атрадаў (ад некалькіх чалавек да тысячы), якія выкарыстоўвалі партызанскую тактыку. Атрады Г. складаліся пераважна з запарожскай казацкай беднаты (галоты), сялян, батракоў, у т.л. з бел. зямель; былі сярод іх выхадцы з мяшчанства і шляхты. Кіруючую ролю ў гайдамацкім руху адыгрывалі запарожцы, з якіх найчасцей былі кіраўнікі атрадаў (атаманы, ватажкі). Г. нападалі на панскія маёнткі, касцёлы, цэрквы, захоплівалі іх маёмасць, палілі дакументы, нападалі на яўрэяў — арандатараў, карчмароў, ліхвяроў. Выступленні Г. пачаліся ў 1710-х г. на Валыні і Зах. Падоллі, пасля распаўсюдзіліся на тэр. Правабярэжнай, Левабярэжнай і Слабадской Украіны. З 1740-х г. атрады Г. нападалі на шляхецкія маёнткі на тэр. паўд. Беларусі. У 1745 Г. з’явіліся каля Горваля, у 1746 спустошылі Стрэшын, у 1747 дзейнічалі ў Гомельскім старастве. У 1750—51 атрады Г. і мясц. узброеных сялян выкарыстоўвалі паны Халецкія ў барацьбе супраць А.Радзівіла за валоданне маёнткамі Хальч і Жлобін. У 1750 Г. разграмілі Кімбараўскія цэстэрцыянскія кляштары каля Мазыра, спустошылі маёнткі Пінскага езуіцкага калегіума, шляхецкія ўладанні каля Лоева, Брагіна, Петрыкава. Да канца 1750 асн. ачагі гайдамацкіх выступленняў на Украіне і Беларусі задушаны войскамі Рэчы Паспалітай і Расіі. У 1751 гайдамацкі рух аднавіўся. Г. разграмілі Нароўлю, палілі шляхецкія маёнткі, у 1752 яны дзейнічалі каля Лоева, у Прапойскім старастве. Пад іх уздзеяннем адбылося Камянецкае паўстанне 1754—56. Для барацьбы з Г. ў Мазырскі і Рэчыцкі паветы было сцягнута каля палавіны ўсёй кавалерыі ВКЛ. У 1768 на Правабярэжнай Украіне пачалося найбуйнейшае гайдамацкае паўстанне, т.зв. Калііўшчына. Г. зноў дзейнічалі ў паўд. раёнах Беларусі, даходзілі да Смаленска. Да канца 18 ст. польскія і рас. войскі падавілі гайдамацкія выступленні на Украіне. Гэтаму садзейнічала паражэнне Сялянскай вайны 1773—75 у Расіі і ліквідацыя Запарожскай Сечы ў 1775.

Літаратура:

Гуслистий К.Г. Коліївщина. Київ, 1947;

Лола О.П. Гайдамацький рух на Україні 20—60 рр. XVIII ст. Київ, 1965;

Гайдамацький рух на Україні в XVIII ст.: Зб. док. Київ, 1970;

Serczyk W. Hajdamacy. Kraków, 1972;

Игнатенко А.П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией (вторая половина XVII—XVIII в.). Мн., 1974.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.