Артыкулы: Гарадзенска-Троцкая унія 1432—1433

Гарадзенска-Троцкая унія 1432—1433, дзяржаўны саюз ВКЛ і Польшчы. Са смерцю вял. князя ВКЛ Вітаўта і абраннем на трон ВКЛ Свідрыгайлы (1430) без захавання ўмоў Гарадзельскай уніі 1413 унія паміж ВКЛ і Польшчай распалася. Каб яе аднавіць, кароль польскі Уладзіслаў ІІ (Ягайла) і польскія паны аказалі падтрымку Жыгімонту Кейстутавічу, прыхільнікі якога абвясцілі яго ў 1432 новым вял. князем літоўскім. 15.10.1432 у Гародні паміж Жыгімонтам і яго прыхільнікамі з аднаго боку і 7 польскімі панамі на чале з кракаўскім біскупам Збігневам Алясніцкім падпісаны акт дзярж. уніі. Новая унія паўтарала асн. ўмовы Віленска-Радамскай уніі 1401. Жыгімонт абавязваўся трымаць ВКЛ на тых жа ўмовах, што і Вітаўт (з тытулам вял. князя, падначаленага польскаму карлю) і гарантаваў, што вял. княства пасля яго смерці пяройдзе да польскага караля і Кароны. У гэтым выпадку абвяшчалася магчымасць выбару новага вял. князя літоўскага, але зноў толькі з удзелам палякаў і часова. Больш дакладна вызначаны адносіны вял. князя да польскага караля: ён названы найвышэйшым князем Літвы, панам і старэйшым братам, г.зн. сеньёрам. Падолле было павінна цалкам належаць Кароне Польскай. Жыгімонт атрымліваў Валынь, але не як частку ВКЛ, а як асобнае пажыццёвае ўладанне (як яе трымаў Вітаўт). Спрэчныя валынскія воласці з замкамі Ратна, Ветлы, Лапацін, Гарадло далучаліся да Польшчы. У асабісты ўдзел Жыгімонт атрымаў спадчыну бацькі — Троцкае княства. Ён браў абавязак дапамагаць Польшчы ў барацьбе супраць крыжакоў, тым самым скасоўвалася перамір’е з крыжакамі, заключанае Свідрыгайлам у Скірстымоне ў 1431 і 1432. Жыгімонт абавязваўся, што ані ён, ані яго наступнік не будзе прэтэндаваць на каралеўскі тытул без ведама і згоды Польшчы. Аналагічны акт з боку баярства ВКЛ не быў выдадзены (відаць, таму, што прыхільнікаў Жыгімонта было мала). Сведкамі гарадзенскага акта выступілі 22 асобы, у т.л. віленскі і луцкі біскупы. Ідэнтычны акт Жыгімонт выдаў у Троках 20.1.1433, аднак там упомнена 41 сведка. Сярод іх няма прадстаўнікоў рускіх зямель, якія ў большасці былі на баку Свідрыгайлы, але прысутнічаюць некаторыя князі (упершыню ў дзярж. актах яны ўраўнаваны з баярствам). Сын Жыгімонта Міхал выдаў 18.10.1432 у Вільні акт, у якім абавязваўся трымацца абяцанняў бацькі, не прад’яўляць пасля яго смерці сваіх спадчынных правоў на ВКЛ і задаволіцца толькі Троцкім княствам. 5.10.1432 у Гародні ад імя Ягайлы было падпісана і пасведчанне інвестытуры Жыгімонта на трон ВКЛ. У актах Г.-Т.у. пацверджана права ўласнасці паноў на родавыя маёнткі і гаспадарскія наданні (на польскі ўзор), ураўнаваны ў гэтым праве рус. князі і баяры з літоўскімі. Ніякіх рэліг. абмежаванняў не было абвешчана. 3.1.1433 у Кракаве польскі кароль і каронная рада выдалі 2 акты, у якіх прынялі без змен гарадзенскі акт і абяцалі падтрымку Жыгімонту. Тым самым унія заключана канчаткова. Ягайла і Жыгімонт яшчэ раз пацвердзілі гэта актамі, выдадзенымі 27.2.1434 у Корчыне і Гародні. Г.-Т.у. дзейнічала да смерці Жыгімонта Кейстутавіча і абрання на трон ВКЛ Казіміра Ягайлавіча (1440).

Літаратура:

Halecki O. Dzieje unii jagiellońskiej. T. 1. Kraków, 1919.S. 294—305;

KutrzebaS., SemkowiczW. AktaunjiPolskizLitwą, 1385—1791. Kraków, 1932. S. 74—105.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.