Артыкулы: Гаштольд (Гаштаўт) Альбрэхт Марцінавіч

Гаштольд (Гаштаўт) Альбрэхт Марцінавіч (?—снеж. 1539), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. У 1501 дваранін вял. князя Аляксандра, у 1503—06 намеснік новагародскі, у 1505—09 падчашы ВКЛ, у 1508—13 ваявода новагародскі, у 1513—19 полацкі, у 1519—22 троцкі, з 1522 ваявода віленскі і канцлер ВКЛ; стараста бельскі з 1513, мазырскі з 1514, гарадзенскі да 1533. Рана страціў бацькоў і выхоўваўся сваякамі. Каля 1492, відаць, вучыўся ў Кракаўскім ун-це. У 1503 удзельнічаў у паходзе супраць крымскіх татараў, які скончыўся перамогай пад Давыд-Гарадком. У 1505 абараняў ад татараў Новагародак. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08 камандаваў у 1507 абаронай Смаленска, у 1508 удзельнічаў у баях пад Оршай. Не падтрымаў бунт князя М.Л.Глінскага, але ў 1509—10 быў зняволены, напэўна, з-за інтрыг свайго праціўніка М.Радзівіла, з якім і пасля варагаваў (справа даходзіла да ўзброеных нападаў). Суправаджаў Жыгімонта І Старога на Венскі зезд 1515. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 на чале полацкага войска 29.7.1518 разбіў ваявод Васіля ІІІ пад Полацкам. Смерць Радзівіла (1521) адкрыла Г. шлях да заняцця вышэйшых дзярж. пасад. Выступаў супраць уніі ВКЛ з Польскім каралеўствам, таму ў 1522 падтрымаў план каралевы Боны абвясціць спадкаемцам трона ВКЛ Жыгімонта Аўгуста яшчэ пры жыцці яго бацькі, Жыгімонта Старога. У наступныя гады Г. варагаваў з Бонай, якая імкнулася адабраць у Г. дзярж. маёнткі, і з гетманам К.І.Астрожскім, які арыентаваўся на саюз з Польшчай. Устанавіў добрыя адносіны з прускім герцагам Альбрэхтам, перапісваўся з ім наконт Ф.Скарыны. У 1529 атрымаў графскі тытул ад рымскага папы Клімента VII, а ў 1530 — тытул графа «з Мураваных Геранён» ад імператара Карла V. Пад наглядам Г. быў складзены Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Сабраў вял. бібліятэку, дзе акрамя кірылічных славянскіх рукапісаў былі кнігі на лац., польскай і чэшскай мовах (вопіс б-кі захаваўся ў Метрыцы ВКЛ, аднак прыналежнасць яе да Г. некат. даследчыкі ставяць пад сумненне). У шлюбе з Соф’яй, адзінай дачкой і спадкаемніцай князя В.М.Вярэйскага, меў сына Станіслава. Жонка прынесла ў пасаг Г. маёнткі Валожын у Ашмянскім пав., Койданава, Радашковічы і Уса ў Менскім пав., Любча на Дняпры. У спадчыну ад бабкі, жонкі кн. С.С.Гальшанскага (Трабскага) атрымаў двор Добасна каля Бабруйска, Туршчу і Быхаў. Шляхам куплі, замен, застаў і гвалтоўных захопаў сабраў вялізную латыфундыю. Маёнткі Г. ляжалі па ўсім ВКЛ, пераважна на Падляшшы, у Ашмянскім, Троцкім, Віленскім, Луцкім і Уладзімірскім паветах. У 1528, як найбуйнейшы магнат ВКЛ, выстаўляў у войска 466 коннікаў. Дзярж. маёнткі на Падляшшы (Бельск, Бранск, Сараж, Нараў, Кляшчэлі) быў вымушаны ў 1533 уступіць каралеве Боне.

Літаратура:

KuźmińskaM. OlbrachtMarcinowiczGasztołd // AteneumWileńskie. 1927—28. Z. 13—14;

SenojiLietuvosliteratūra. Kn. 5. Vilnius, 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.