Артыкулы: Гаштольды, Гаштаўты

Гаштольды, Гаштаўты, шляхецкі род герба «Габданк». Паводле родавай легенды, запісанай у бел.-літ. летапісах, родапачынальнікам быў Гаштольд герба «Калюмны», сын Крумпя, гетман вял. князя Гедзіміна і першы віленскі ваявода. Паводле падання, яго сын, таксама Гаштольд (хроснае імя Пётр), запрасіў з Польшчы 14 манахаў-францысканцаў і заснаваў для іх кляштар у Вільні; пасля іх пакутніцкай смерці прывёз яшчэ 36 манахаў, а сам таксама загінуў пакутніцкай смерцю (паводле інш. варыянта падання, стаў першым біскупам віленскім). Дакументальна Г. вядомы з сярэдзіны 14 ст., калі мелі маёнткі ў Жамойці, каля Вялены на р. Нёман. У канцы 14 ст. атрымалі землі на Ашмяншчыне (родавае гняздо — Мураваныя Геранёны). У 15 ст. Г. сталі найбольш значным магнацкім родам ВКЛ, прадстаўнікі якога актыўна адстойлівалі дзярж. суверэнітэт княства. Найб. вядомыя:

Гаштольд (?—1364), родапачынальнік Г. Паводле «Хронікі» Віганда з Марбурга, у 1364 кіраваў абаронай замка Вялена ад крыжакоў. Страціўшы надзею на дапамогу, здаў замак рыцарам і быў імі забіты.

Андрэй (?—пасля 1404), відаць, сын Гаштольда. Стараста віленскі ў 1387 і крэўскі ў 1398—1401. Удзельнічаў у падпісанні Салінскага дагавора 1398, Віленскага акта уніі ВКЛ з Польшчай 1401, Рацёнжскага дагавора 1404. Верагодна, быў жанаты з дачкой польскага пана Міхала Аўданца з Бучача. Меў сыноў Талівойша, Пятра (у 1440 намеснік слонімскі) і Івашку.

Івашка (Ян; ?—1458), сын Андрэя. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 атрымаў герб «Габданк». Стараста дарсунішскі ў 1422, маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы ў 1426—35, намеснік смаленскі ў 1436—40, ваявода троцкі ў 1440—43 і віленскі з 1443. Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага міра 1422, у пасольстве 1430 да крыжакоў, у падпісанні Хрыстмемельскага дагавора 1431 з Інфлянцкім ордэнам. Гарачы прыхільнік Свідрыгайлы, на яго баку ўдзельнічаў у бітве з польскім войскам пад Луцкам у 1431 і трапіў у палон да Ягайлы. Пасля перайшоў на бок вял. князя Жыгімонта Кейстутавіча. Падпісаў Гарадзенскі 1432 і Троцкі 1433 акты уніі ВКЛ з Польшчай. Пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча (1440) стаў на чале групоўкі, якая абрала на трон ВКЛ вял. князя Казіміра. Фактычна быў рэгентам пры малалетнім вял. князю. У 1444 дамогся вяртання ў склад ВКЛ Падляшша. Быў актыўным прыхільнікам незалежнасці ВКЛ ад Польскага каралеўства і далучэння да ВКЛ Валыні і Падолля. З абраннем Казіміра на польскі трон перайшоў у апазіцыю да яго і рыхтаваў планы дзярж. перавароту. У 1433 атрымаў ад Жыгімонта Кейстутавіча прывілей на 26 вёсак і мяст. Тыкоцін, а ў 1440-х г. ад Казіміра — г. Дарагабуж. Валодаў маёнткамі Мураваныя Геранёны і Свянцяны ў Ашмянскім пав., Дзевянішкі ў Віленскім пав., Тракелі ў Лідскім пав., Палонна ў Луцкім пав. і інш. Некаторыя з іх былі канфіскаваныя Казімірам, а пасля вял. князем Аляксандрам вернуты ўдаве Івашкі. Першым шлюбам быў жанаты з Даротай з роду Завішаў (?), пасля з Лізаветай з невядомага роду. Меў сыноў Войцеха, Марціна і Юрыя, дачок Марыю (жонка кн. Сямёна Алелькавіча) і Аляксандру (манашка-францысканка).

Войцех (Войтка, Альбрэхт; ?—пасля 1447), сын Івашкі. Маршалак надворны вял. князя Казіміра ў 1443—47.

Марцін (?—1483/84), сын Івашкі. Намеснік новагародскі ў 1464—71, ваявода кіеўскі ў 1471—80 і троцкі з 1480, адначасова маршалак земскі ў 1477—79. У адрозненні ад бацькі быў лаяльны да вял. князя Казіміра. Кіеўскае ваяводства атрымаў пасля смерці свайго швагра, апошняга ўдзельнага кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча. Неаднаразова адбіваў напады крымскіх татараў. Удзельнічаў у судзе над правасл. князямі, што рыхтавалі змову 1481. Значна павялічыў колькасць родавых маёнткаў, набыў Задзвею, Котлава, Трыседы на Меншчыне, Петрашава каля Вільні і інш. Быў жанаты з дачкой князя С.С.Гальшанскага, пасля з Ганнай, дачкой князя Ю.С.Гальшанскага (Трабскага); меў сына Альбрэхта.

Альбрэхт (?—1539), гл. А.Гаштольд.

Станіслаў (каля 1507—18.12.1542), сын Альбрэхта. Ваявода новагародскі ў 1530—42 і троцкі ў 1542. Самастойнай паліт. ролі не адыгрываў і заставаўся памочнікам бацькі. На думку М.М.Улашчыка, найб. верагодны ініцыятар стварэння легендарнай гісторыі пра пачаткі ВКЛ, запісанай у бел.-літ. летапісах. Быў жанаты з Барбарай, дачкой вял. гетмана Ю.Радзівіла (пазней жонка Жыгімонта ІІ Аўгуста). Са смерцю Станіслава род Г. згас. Родавыя маёнткі перайшлі да Жыгімонта ІІ Аўгуста, на іх аснове былі створаны Трабскае, Радашковіцкае, Валожынскае і Любчанскае стараствы.

Літаратура:

SemkowiczW. Olitewskichrodachbojarskichzbratanychzeszlachtą polską wHorodleroku 1413 // Lituano-SlavicaPosnaniensia. Poznań, 1989. T. 3;

Ярашэвіч А. Гаштольды // Спадчына. 1992. № 6.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.