Артыкулы: геаграфія

геаграфія, комплекс навук аб Зямлі. Вялікую ўвагу ўдзялялі геаграфічным аб’ектам (асабліва рэкам), экстрымальным з’явам надвор’я стараж.-рус. летапісцы. На Русі былі вядомы візантыйскія геаграфічныя творы. Гэтыя веды перайшлі ў ВКЛ, выкарыстоўваліся ў бел.-літ. летапісах. Інтарэс да вывучэння Г. ВКЛ значна вырас у 16 ст. ў сувязі з больш інтэнсіўным развіццём гандлёвых зносін з Зах. Еўропай (важнымі артыкуламі экспарту былі прыродныя багацці краю, вырасла значэнне водных шляхоў ВКЛ). З гэтага часу пачалі абмяркоўвацца планы злучэння басейнаў Дняпра і Зах. Двіны, Бярэзіны і Нёмана, Прыпяці і Зах. Буга. Апісаннем геагарфічных аб’ектаў займаліся рэвізоры і каморнікі ў час правядзення валочнай памеры, якія складалі рэестры (інвентары) феадальных уладанняў. Шмат геаграфічных звестак пра землі ВКЛ даў у сваіх працах М.Стрыйкоўскі. Практычнае веданне геаграфічных рэалій патрабавалася пры складанні мірных дагавораў, у якіх пазначаліся трасы граніц ВКЛ з суседнімі дзяржавамі (Масковіяй, Інфлянтамі, Польшчай). Значным дасягненнем геаграфічная навукі ВКЛ было выданне т.зв. Радзівілаўскай карты ВКЛ (каля 1603; 2 ВЫД. 1613). Углыбленыя геаграфічныя і прыродазнаўчыя даследаванні патрабаваліся пры пракладцы Агінскага канала (1760—80-я г.) і Каралеўскага канала (1770—80-я г.). У 18 ст. у Рэчы Паспалітай з’явіліся спецыялізаваныя выданні па Г. краіны. У 1721 на лац. мове выдадзена кн. Г.Жанчынскага «Гісторыя займальных прыродных з’яў Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага». Г. як вучэбная дысцыпліна выкладалася ў Віленскай акадэміі, інш. езуіцкіх і піярскіх навучальных установах, часта ў спалучэнні з гісторыяй Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне 18 ст. цікаўнасць да Г. вырасла, пачало друкавацца шмат календароў са звесткамі па Г. краіны і замежнай. У 1737 у Варшаве Стафан Міхал Пузына (гл. ў арт. Пузыны) выдаў першую геаграфічны нарыс у Рэчы Паспалітай «Кароткае апісанне чатырох часцей свету» («Krótkieopisanieczterechczęści świata»). У 1743 Казімір Алойзы Галоўка выдаў у Вільні падручнік «Кампендыюм геаграфіі» («Compendium geographiae»), напісаў геаграфічны нарыс Рэчы Паспалітай (перавыдаваўся 5 разоў з 1757 у дадатку да практычнай энцыклапедыі Я.К.Гаўра «Агульная эканоміка землеўласніка»), склаў геаграфічныя табліцы і карты, у т.л. ВКЛ («ChartaegeographicaeGalliae, Germaniae, MajorisPoloniaeetM. Duc. Lithuaniae», 1750, не збераглася). Папулярны падручнiк геаграфii «Еўропа, з частак свету першая апiсаная» («Europa z części świata najprzedniejsza», Варшава, 1754) выдаў Францішак Папроцкі. Асаблівай папулярнасцю карысталася абагульняльныя геаграфічная праца Караля Вырвіча «Сучасная геаграфія» («Geografiaczasówteraźniejszych», т. 1, Варшава, 1768, забаронена да продажу паводле патрабавання рас. пасла М.В.Рапніна; 2 выд. Вільня, 1794) і яе скарочаная версія «Усеагульная геаграфія» («Geografia powszechna», Варшава, 1770, 3 выд. 1794). У 1766 у Вільні выдадзена першае ў Рэчы Паспалітай даведачнае выданне па Г. — праца Іларыёна Карпінскага «Геаграфічны лексікон для грунтоўнага разумення газет і гісторыі з розных аўтараў сабраны, перакладзены і напісаны» («Lexykon geograficzny dla gruntownego pojęcia gazet i historii z różnych awtorów zebrany, przetłumaczony i napisany»). Геаграфічныя аб’екты ВКЛ адзначаны і ў польскім перакладзе аглійскага слоўніка Лорэнса Эчарда «Геаграфічны слоўнік» («Dykcyonarzyk geograficzny, czyli Opisanie króleslw, prowincyi, biskupstw, xięstw, hrabstw, margrabstw, portów, fortec y innych mieysc znacznieyszych w czterech częściach świata», т. 1—3, Варшава, 1782—83), пры гэтым былі дадазены звесткі пра некаторыя аб’екты, якія адсутнічалі ў арыгінале. З заснаваннем у Віленскай акадэміі астранамічнай абсерваторыі з 1777 пачаліся сістэматычныя назіранні за тэмпературай паветра. Захаваліся журналы назірання за надвор’ем, якія вяліся ў Лыскаўскім кляштары місіянераў, Полацкім кляштары дамініканцаў.

Літаратура:

Беляев И.Д. О географических сведениях в древней Руси // Зап. Императорского Русского Географического Общества. СПб., 1852. Кн. 6;

Lipko S. Podręczniki geografiiw szkołach polskich XVIII w. // Rozprawy z dziejów oświaty. Warszawa, 1966. T. 9;

Ягож. Nauczanie geografii w okresie Komisji Edukacji Narodowej. Warszawa, 1973;

Puchowski K Edukacja hisioryczno-geograficzna w kolegiach pijarskich i jezuickich w I Rzeczypospolitej // Wkład pijarów do nauki i kultury w Polsce XVII—XIX w. Warszawa, 1993;

Decyk W. Leksykon geograficzny Hilariona Karpińskiego (Wilno, 1766) jako przedmiot badań historyczno-językoznawczych: Zarys problematyki // Prace filologiczne. Warszawa, 2002. T. 47;

Вашкевич А.Е. Использование географических словарей в исторических исследованиях // Здабыткі. Мн., 2008. Вып. 10.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.