Артыкулы: Гедройцы

Гедройцы, княжацкі род гербаў «Порай» і «Кітаўрас». З удзельных князёў, уладанні якіх знаходзіліся ў Гедройцах і іх ваколіцах на Пн ад Вільні. Паводле бел.-літ. летапісаў, гісторыкаў М.Стрыйкоўскага і А.Каяловіча, Г. паходзяць ад легендарнага Даўспрунка, што прыбыў у Літву з Палямонам. Нібыта нашчадак Даўспрунка Гедрус (або Даўмонт) заснаваў Гедройцы і назваўся князем Гедройцкім. Нягледзячы на фантастычнасць гэтых звестак, магчыма, што Г. паходзілі з княжацкай дынастыі, што правіла ў Літве да Гедзімінавічаў. З 16 ст. карысталіся прыдомкам Даўмонт, што павінна было сведчыць пра іх стараж. княжаскае паходжанне. Першае дакументальнае ўпамінанне Г. адносіцца да 1399, калі Вітаўт разглядаў іх судовую справу з віленскім біскупам. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 прынялі герб «Порай». У 1-й пал. 15 ст. жылі князі Война, Гоюл і Ягайла Г., якія падпісалі як сведкі міжнар. акты Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча. Ужо ў 16 ст. род Г. моцна разгалінаваўся, многія яго прадстаўнікі страцілі княжацкі тытул. Паводле попіса войска ВКЛ 1528 ваеннаабавязанымі былі 85 Г. (князі і баяры), якія выступалі на вайну асобнай харугвай. Адна з княжацкіх ліній роду Г. карысталася прозвішчам Юрага. У 15 ст. ў Кракаўскім ун-це вучыліся 6 Г. Найб. вядомыя:

Герман (?—1439). У 1419 запісаўся ў Кракаўскі ун-т, дзе набыў ступені бакалаўра (1426) і магістра (1434). Атрымліваў дапамогу ад караля Ягайлы і каралевы Соф’і Гальшанскай. Канонік кракаўскі з 1433, схаластык улацлаўскі з 1435.

Міхал (каля 1425—4.5.1485), сын Юрыя. У Быстрыцы (Віленскі пав.) уступіў у ордэн аўгусцінцаў, вучыўся ў Кракаўскім ун-це, дзе набыў ступень бакалаўра (1465), пасля сакрысціян у касцёле св. Марка ў Кракаве. Быў нямоглы фізічна (кульгавы хворы недаростак). Набыў вядомасць набожным аскетычным жыццём, лічыўся прадказальнікам і цудатворцам. Пасля смерці яго называлі благаславёным. Культ Міхала ў ВКЛ падтрымлівалі члены роду Г., кляштар у Відзінішках.

Матэвуш Барталамеевіч (каля 1500—каля 1563). Дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі ў 1547—60, харужы гедройцкі ў 1557, намеснік (падваявода) віленскі з 1560, маршалак гаспадарскі з 1562.

Мальхер Матушавіч (Мельхіёр; 1536—6.4.1609), сын Матэвуша Барталамеевіча. З 1550 вучыўся ў Каралявецкім, Вітэнбергскім, Лейпцыгскім ун-тах. Пасол ад Віленскага пав. на Люблінскі сойм 1569. З 1572 святар, кусташ віленскай капітулы. У 1575 абраны капітулай біскупам жамойцкім. Удзельнічаў у пасольстве ад ВКЛ у Францыю да будучага караля Генрыка Валезы. У 1576 зацверджаны ў біскупскай годнасці каралём і папам рымскім. Змагаўся з пашырэннем у Жамойці пратэстанцтва. Пры ім Жамойцкая епархія стала апірышчам літоўскага патрыятычнна-рэліг. руху. Дбаў аб выкарыстанні ў рэліг. жыцці літ. мовы. Даручыў М.Даўкшы перакласці на літ. мову «Катэхізіс» Я.Лядэсмы (Вільня, 1595) і «Пасцілу каталіцкую» Я.Вуека (Вільня, 1599), якія выдаў уласным коштам. Апякаў гісторыка М.Стрыйкоўскага, якому даў пасаду каноніка жамойцкага.

Юрый (?—1619), сын Пятра Марцінавіча. Вількамірскі падсудак з 1598 і суддзя земскі з 1607.

Марцін Матушавіч (?—1621), сын Матэвуша Барталамеевіча. Стараста абельскі ў 1586—1607, вількамірскі з 1589, дзяржаўца бельскі, ваявода мсціслаўскі з 1617. Вызначыўся ў Кірхгольмскай бітве 1605. У 1618 фундаваў у Відзінішках Віленскага пав. кляштар аўгусцінцаў.

Зыгмунт Мікалаевіч (?—1625), сын Мікалая Марцінавіча. Віленскі паборца ў 1578, падсудак з 1596, суддзя земскі з 1612.

Эзэаш (?—1629), сын Зыгмунта Мікалаевіча. Пакаёвы дваранін каралевы ў 1621—25, маршалак ваўкавыскі з 1625.

Марцыян Уладзіслававіч (?—1649), сын Уладзіслава Пятровіча. Падстолі полацкі з 1613, віленскі падсудак з 1634, суддзя земскі з 1647. У 1625 удзельнічаў у ваен. Дзеяннях у Інфлянтах. Быў жанаты з Барбарай Сямёнаўнай Вайнянкай, удавой па Л.І.Мамонічу.

Арнольф Янавіч (?—пасля 1656), сын Яна (Януша). Пінскі мечнік з 1641, чашнік у 1650, войскі з 1656.

Ян Стафан (?—13.5.1802), сын Бенядзікта. Біскуп інфлянцкі з 1764, жамойцкі з 1778.

Рамуальд Тадэвуш (1750—1824), сын Юзафа, гл. Гедройц Р.Т.

Лiтаратура:

Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 65—76;

Wojtkowiak Z. Powiat Giedrojcie // Zapiski historyczne. 1978. № 2;

SemkowiczW. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku 1413 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 1989. Т. 3. S. 73—75;

Думин С.В. Князья Гедройц // Дворянские роды Российской империи. Т. 2. СПб., 1995;

Шумков А.А. Князья Гедройцы // Дворянский календарь. СПб., 1996. Тетрадь 1;

ШаландаА. Да праблемы складання сапраўднага гербоўніка шляхты Браслаўскага павета ВКЛ другой паловы XVI—XVIIст. // Браслаўскія чытанні: Матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі. Браслаў, 2001.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.