Артыкулы: Гедэон Адорскі

Гедэон Адорскі (каля 1660-я г.—пасля 1715), дзеяч уніяцкай і праваслаўнай цэркваў. Сын Данілы Даўмонта-Адорскага, які за ваенныя заслугі быў набілітаваны соймам 1676, гараднічага дынабургскага (інфлянцкага) у 1677—86, уладальніка маёнткаў Адоры і Тоўчын у Віцебскім ваяв. Відаць, з 1674 вучыўся ў Львоўскім езуіцкім калегіуме, пасля ў Оламаўцы, дзе ўступіў у базыльянскі ордэн. Хутка стаў архімандрытам уніяцкага Ануфрыеўскага манастыра пад Мсціславам. У 1690 атрымаў ад караля польскага і вял. князя літоўскага Яна ІІІ Сабескага прывілей на пасады епіскапа беларускага і магілёўскага, архімандрыта ноўгарад-северскага і чарнігаўскага (пасвячоны тайнымі уніятамі львоўскім епіскапам Іосіфам Шумлянскім і перамышльскім Інакенціем Вінніцкім). Мясц. правасл. насельніцтва адмовілася прызнаць пастаўленне Г. і запатрабавала, каб яго пасвяціў правасл. кіеўскі мітрапаліт. У 1690 Г. прыехаў у Кіеў, дзе не быў прызнаны законным епіскапам і змешчаны пад нагляд у Кіева-Пячэрскую лаўру. Афіцыйна абвясціў пра сваю прыналежнасць да уніяцкай царквы і пра разрыў з ёю. З 1691 прапаведнік Кіева-Пячэрскай лаўры, у 1693 іераманах. У 1693—97 у Маскве, рабіў казанні, пісаў панегірыкі; клапаціўся па забеспячэнні сваіх правоў на маёнткі ў Віцебскім ваяв. пасля смерці бацькі. У Маскве да яго, як да былога уніята, ставіліся з падазрэннем. У 1701, дзякуючы падтрымцы гетмана І.Мазепы, стаў рэктарам Кіева-Магілянскай акадэміі, што было незвычайна, бо там не вучыўся і не выкладаў, а таксама ігуменам Кіеўскага Брацкага Богаяўленскага манастыра. Значна ўмацаваў з дапамогай Мазепы маёмаснае становішча акадэміі і манастыра, пабудаваў новы вучэбны корпус («Мазепінскі»). З 1705 архімандрыт Круціцкага Мікольскага манастыра каля Батурына — рэзідэнцыі Мазепы. Быў у бліжэйшым атачэнні Мазепы. Пасля яго падзення ў 1712 арыштаваны рас. ўладамі і сасланы ў Салавецкі манастыр. Разам з інш. ссыльнымі святарамі заснаваў Архангельскую славяна-лацінскую школу, з 1715 яе рэктар.

Літаратура:

Голубев С.Т. Гедеон Оранский: (бывший ректор Киевской академии в начале XVIII ст.) // Тр. Киевской духовной академии. 1900. № 10, 12.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.