Артыкулы: горад

горад, значны населены пункт, які выконвае функцыі эканамічнага (рамеснага, гандлёвага, фінансавага), палітыка-адміністрацыйнага, рэлігійнага, культурнага, ваенна-адміністрацыйнага цэнтра. На Беларусі першыя Г. ўзніклі ў 9—13 ст. і ўяўлялі сабой агароджанае (адсюль назва «горад») умацаванае паселішча. Ва ўсх.-слав. летапісах і інш. крыніцах 9—13 ст. на тэр. Беларусі названа 35 Г., што дакладна ідэнтыфікаваны і даследаваны археалагічна. Умацаваным цэнтрам Г. быў дзядзінец — месца сховішча насельніцтва ў час ваенных дзеянняў. У буйных Г. там былі рэзідэнцыі (двары) князя або яго намесніка, епіскапа, свецкіх і царкоўных ураднікаў і залежнага ад іх насельніцтва. Каля дзядзінца размяшчаўся пасад (места), насельніцтва якога спецыялізавалася на рамесна-гандлёвай дзейнасці. Звычайна на пасадзе каля ўвахода на дзядзінец размяшчалася гандлёвая плошча — торг. У буйных Г. пасад абводзіўся дрэваземлянымі ўмацаваннямі і ператвараўся ў вакольны горад. У 2-й пал. 13—15 ст. Г. Беларусі перажывалі заняпад. Рэзка зменшылася іх насельніцтва, некат. страцілі паліт. і эканам. значэнне або зніклі зусім. У Літве ў 13—14 ст. ішоў працэс утварэння Г., якія вырасталі з адм. цэнтраў зямель і валасцей, ваенных умацаванняў, вакол якіх гуртавалася рамесна-гандлёвае насельніцтва. Працэс утварэння Г. паскорыўся пасля разгрому ў пач. 15 ст. Нямецкага ордэна і спынення нападаў крыжакоў. У сярэдзіне 16 ст. даследчыкі налічваюць на землях сучаснай Літвы 13 Г.

Горадабудаўнічыя працэсы, якія суправаджаліся канцэнтрацыяй рамяства і гандлю, прывялі да ўтварэння ў ВКЛ у 15—16 ст. вял. колькасці малых Г. — мястэчак. У крыніцах 16—18 ст. тэрміны Г. (места) і мястэчка ўзаемазамяняльныя ў дачыненні да малых і сярэдніх Г. Навукоўцы ў якасці крытэрыя адрознення мястэчка ад Г. прапануюць улічваць большую сувязь местачкоўцаў з с.-г. заняткамі і статыстычны крытэрый. Прапануецца лічыць мястэчкамі населеныя пункты гар. тыпу, якія маюць менш за 300 дымоў (З.Ю.Капыскі, А.М.Карпачоў, А.П.Грыцкевіч), менш за 200—250 дымоў (С.Александровіч) або менш як 100—150 дымоў (Е.Ахманскі). Згодна з класіфікацыяй Капыскага, малыя Г. налічвалі больш за 300 дымоў, сярэднія — больш за 500 дымоў і вялікія — больш за 1000 дымоў. У сярэдзіне 17 ст. ён налічваў на тэр. сучаснай Беларусі 37 Г. і 425 мястэчак.

Паводле юрыд. статусу большасць Г. былі дзяржаўнымі. Некат. Г. ў выніку падаравання вял. князямі перайшлі ва ўладанне магнатаў (Клецк, Давыд-Гарадок, Слуцк, Капыль і інш.). Некат. прыватнаўладальніцкія Г. ўзніклі дзякуючы намаганням магнатаў пры садзейнічанні дзярж. улады (Біржы, Нясвіж і інш.). Да 16 ст. Г. ВКЛ захоўвалі цесную адм. і эканам. сувязь з навакольнай с.-г. тэрыторыяй і ўтваралі з ёй адзіную зямлю (воласць). Г. былі непарыўна звязаны з валасцямі як адм., гаспадарчы і ваенны цэнтр. Гараджане валодалі значнымі с.-г. землямі і неслі дзярж. ваенную павіннасць. Значным было самакіраванне Г., якое ажыццяўлялася праз веча і абранне мясц. адміністрацыі. Узмацненне ў 14—15 ст. цэнтральнай дзярж. адміністрацыі і шляхты прывяло да абмежавання гар. адміністрацыі, павелічэнню ролі мясцовага дзярж. апарату (намеснікі, дзяржаўцы, старасты), аслабла сувязь Г. з іх с.-г. акругай. З канца 14 ст. гар. абшчыны ВКЛ атрымлівалі права на самакіраванне на ўзор нямецкіх і польскіх Г. — магдэбургскае права (Вільня ў 1387, Берасце ў 1390). Пры гэтым новыя нормы гар. права спалучаліся з традыцыйнымі, на аснове іх сінтэзу ў некат. Г. узнікалі мясц. кодэксы гар. права — вількеры.

У 16—1-й пал. 17 ст. Г. ВКЛ перажывалі росквіт. Значна вырасла іх насельніцтва, назіраецца некат. спецыялізацыя эканам. дзейнасці (гарбарнае рамяство ў Слуцку, будаўнічае ў Віцебску, зброевае ў Менску і Полацку, апрацоўка футра ў Магілёве). Найзначнейшымі Г. былі Вільня, Слуцк, Магілёў, Менск, Бярэсце, Кіеў, Луцк і інш. На сярэдзіну 17 ст. гар. насельніцтва складала каля 370 тыс. чал. (прыблізна 8,2% насельніцтва). Узніклі новыя асаблівасці гар. планіроўкі. Былыя дзядзінцы і ў некат. выпадках вакольныя гарады (яны пачалі звацца замкамі) ператвараліся ў месца размяшчэння дзярж. або прыватнаўладальніцкіх органаў кіравання. На значнай адлегласці ад іх разбівалася прамавугольная ў плане рыначная плошча, якая рабілася новым адм. і горадабудаўнічым цэнтрам. На ёй размяшчаліся крамы, дамы заможных гараджан, ратуша, царква, касцёл. На пабудову сінагог, мячэцяў, лютэранскіх і кальвінскіх збораў існавалі пэўныя абмежаванні. Рыначная плошча звычайна мела значныя памеры, каб умясціць вял. колькасць людзей, коней і вазоў у час кірмашоў. Сац. склад гараджан быў неаднародны. Разам з мяшчанамі — членамі гар. абшчыны ў Г. жылі паддданыя свецкіх і духоўных феадалаў, сяляне, шляхціцы, духавенства, ваенныя (гарнізоны замкаў). Не ўваходзілі ў саслоўе мяшчан яўрэйскае і татарскае насельніцтва, якое мелі ўласныя органы самакіравання. Незалежныя ад гар. абшчыны кварталы з іх насельніцтвам ўтваралі асобныя ў прававых адносінах утварэнні — юрыдыкі. Сярод мяшчан пераважалі рамеснікі і гандляры (купцы, прасалы, крамнікі), яны аб’ядноўваліся ў цэхі (брацтвы). Пазацэхавыя рамеснікі (партачы) праследаваліся. У Г. дзейнічалі шматлікія рэлігійныя, дабрачынныя, асветныя, мядовыя брацтвы. Члены гар. абшчыны (асабліва патрыцыят і паспольства) карысталіся пэўнымі прывілеямі, зафіксаванымі ў велікакняжацкіх граматах, прывілеях на магдэбургскае права. Яны ўдзельнічалі ў выбарах органаў гар. самакіравання (магістрат, рада), ладзілі святы гарадскія.

Г. ВКЛ значна пацярпелі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1655—60. Шмат іх было спалена, гар. насельніцтва скарацілася напалову. Аднаўленню Г. перашкодзіла Паўночная вайна 1700—21. Заняпад Г. быў выкарыстаны феадаламі для пашырэння сваіх гар. уладанняў, павелічэнню прыватных юрыдык. У каралеўскіх Г. павялічыліся ўладанні каталіцкай царквы, перш за ўсё за кошт каралеўскіх падараванняў і ахвяраванняў свецкіх феадалаў і багатых гараджан. У 2-й пал. 18 ст. на тэр. сучаснай Беларусі было 39 Г. і каля 350 мястэчак, дзе жыло каля 250 тыс. чал. (каля 11% насельніцтва), аднак гар. насельніцтва не дасягнула ўзроўню сярэдзіны 17 ст. У Літве на мяжы 18—19 ст. налічвалася каля 300 Г. і мястэчак, гар. насельніцтва ў канцы 18 ст. дасягала каля 12,5%.

Аднаўленне Г. ажывілася ў сярэдзіне 18 ст. разам з эканам. уздымам у краіне. Рост уплыву магнатаў у гар. справах прывёў да таго, што сойм 1776 пазбавіў магдэбургскага права дзярж. Г., акрамя ваяводскіх і павятовых цэнтраў (прыватнаўладальніцкія Г. захавалі магдэбургскае права). Гар. самакіраванне апынулася пад кантролем старастаў (фактычна магнатаў). Чатырохгадовы сойм 1788—92 зрабіў захады па аднаўленні правоў малых і сярэдніх гарадоў на самакіраванне. 18.4.1791 быў прыняты закон «Гарады нашы каралеўскія ў дзяржавах Рэчы Паспалітай», пазней абвешчаны часткай Канстытуцыі З мая 1791. Згодна закону мяшчане сталі ўласнікамі гар. зямель, атрымалі права набываць інш. землі, служыць у адміністрацыі, судах і войску. У 1791—92 самакіраванне на аснове магдэбургскага права было адноўлена ці ўведзена ўпершыню ў шматлікіх Г. і мястэчках ВКЛ (на тэр. сучаснай Літвы такіх населеных пунктаў было каля 60). Гарадзенскі сойм 1793 скасаваў рэформы 1791—92, самакіраванне было захавана ў тых Г. і мястэчках, якія ім карысталіся да 1776.

Літаратура:

Грушевский А.С. Города В. Княжества Литовского в XIV—XVI вв.: Старина и борьба за старину. Киев, 1918;

Łowmiański H. «Wchody» miast litewskich // Ateneum Wileńskie. 1923. № 3—4; 1924. Z. 5—6;

Дружчыц В. Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры // Гістарычна-архэолёгічны зборнік. Мн., 1927. № 1;

Ochmański J. W kwestii agrarnego charakteru miast Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI wieku // Studia historica. Warszawa, 1958;

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI—первой половине XVII в. Мн., 1966;

Яго ж. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI—первой половине XVII в. Мн., 1975;

AlexandrowiczS. GenezairozwójsiecimiasteczekBiałorusiiLitwydopołowyXVIIw. // ActaBaltico-Slavica. Białystok, 1970. Т. 7;

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (социально-экономическое исследование истории городов). Мн., 1975;

Яго ж. Социальная борьба горожан Белоруссии (XVI—XVIII вв.). Мн., 1979;

KryževičiusV. LietuvosprivilegijuotiejimiestaiXVIIa. antrojipusė—XVIIIa. Vilnius, 1981;

Lietuvosmiestų istorijos šaltiniai. T. 1—3. Vilnius, 1988—2001;

Сас П.М. Феодальные города Украины в конце XV—60-х годах XVI в. Киев, 1989;

GudavičiusE. Miestų atsiradimasLietuvoje. Vilnius, 1991;

RimšaE. LietuvosDidžiosiosKunigaikštystėsmiestų antspaudai. Vilnius, 1999;

Бардах Ю. Лад местаў на магдэбургскім праве ў Вялікім Княстве Літоўскім да паловы XVII ст. // Бардах Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мн., 2002.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.