Артыкулы: Гофман (Hoffmann) Ёган Даніэль

Гофман (Hoffmann) Ёган Даніэль (28.12.1701, г. Торунь—19.7.1766), нямецкі гісторык, бібліёграф. З незаможнай мяшчанскай сям’і. Скончыў Тарунскую гімназію (1723), ун-ты ў Вітэнбергу, Іене (1725), Лейпцыгу (1726). Вярнуўся ў Торунь, дзе даваў прыватныя ўрокі польскай мовы. З 1732 прафесар Тарунскай гімназіі, з 1746 віцэ-рэктар Эльблёнгскай гімназіі; выкладаў філасофію, гісторыю, польскую мову, красамоўства. Працы па гісторыі Прусіі, Польшчы, польскай філалогіі. Склаў бібліяграфію прац пра харытатыўны калоквіум у Торуні ў 1645 («Synopsis historico-literaria colloqui charitativi Thoruniensis», Каралявец, 1744). Аўтар першай працы па гісторыі кнігадрукарства ў Польшчы і ВКЛ «Пра друкарні, што заснаваны і развіваліся ў Польскім каралеўстве і Вялікім княстве Літоўскім» («De typographiis, earumque initiis et incrementis in Regno Poloniae et Magno Ducatu Lithuaniae», Гданьск, 1740), дзе адзначыў 150 друкарняў у 37 гарадах, у т.л. друкарні Ф.Скарыны, М.Кавячынскага, І.Фёдарава, Д.Ланчыцкага, Л.Мамоніча, Я.Карцана і інш. у Вільні, Берасці, Заслаўе, Лоску, Нясвіжы, Любчы, Ашмяне, Слуцку, Супраслі, Жэймах, назваў некаторыя іх выданні. Гэта кніга паслужыла асновай для працы Е.С.Бантке «Гісторыя друкарняў у Польскім каралеўстве і Вялікім княстве Літоўскім» (т. 1, Кракаў, 1826).

Творы:

De originibus linguae Polonicae. Dantisti, 1730;

De imperio Piastorum in Polonia. Elbinga, 1764;

De Henrico de Hohenlohe magistro Ordinis Teutonici. Elbinga, 1757.

Літаратура:

Małecki J. Jan Daniel Hoffmann, pierwszy historyk drukarstwa polskiego // Warmia i Mazury. Olsztyn, 1958. T. 4;

Narbutienė D. Johannas Danielis Hoffmannas apie spaudos atsiradimą Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje // Knygotyra. Vilnius, 2000. T. 36.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.