Артыкулы: Грабоўскі Пётр
Грабоўскі Пётр (каля 1563, в. Памяны на Падляшшы—1625), дзеяч каталіцкай царквы, эканаміст. Паходзіў са шляхецкага роду герба «Даленга». Падарожнічаў. У 1583 уступіў у Браневе ў ордэн езуітаў. З 1584 у Рызе, дзе вывучыў латышскую мову і на ёй рабіў казанні. Каля 1586 выйшаў з ордэна езуітаў, быў пробашчам у г. Парнаў у Інфлянтах. Аўтар эканамічных твораў «Меркаванне кароннага сына пра пяць рэчаў, што належыць зрабіць Рэчы Паспалітай Польскай» («ZdaniesynakoronnegoopiąciurzeczachRzeczypospolitejPolskiejnależących», 1595), «Ніжняя Польшча, або Польскае паселішча» («PolskaNiżna, alboOsadapolska», 1596). Перад пагрозай татарскіх і турэцкіх нападаў выступаў за стварэнне моцнага скарбу Рэчы Паспалітай, куды бы паступала царкоўная дзесяціна, уведзенае мыта на шляхецкія экспартныя тавары, добраахвотныя падаткі з шляхты. Прапаноўваў у войску рабіць апору на выбранцаў з сялян, якіх бы ўтрымлівалі самі сяляне. Выступаў за заключэнне шырокай антытурэцкай лігі. Накрэсліў план каланізацыі паўд. і ўсх. зямель Рэчы Паспалітай шляхам закладання шляхецкіх сельскагаспадарчых паселішчаў, якія б баранілі дзяржаву ад татараў і туркаў; прапаноўваў адчыніць ваенную школу. Яму прыпісваюцца творы «Польскае люстэрка, выстаўленае на пачатку 1598 г.» («ZwierciadłoRzeczypospolitejPolskiejnapoczątkur. 1598 wystawione», надрукаваны ў 1859), «Пра яўрэяў» і «Пра гарматы» (не захаваліся).
Творы:
у кн.: Biblioteka polska. Ser. 3, cz. 12. Kraków, 1858; Ser. 4, cz. 3. Kraków, 1859;
Górski J., Lipiński E. Merkantylistyczna myśl ekonomiczna w Polsce XVI i XVII wieku: Wybór pism. Warszawa, 1958.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


