Артыкулы: Грабоўскія

Грабоўскія, шляхецкі род гербаў «Окша» і «Тапор». Вядомы з 15 ст. Паходзілі з Памор’я, мелі маёнткі Грабоўка (адсюль прозвішча) і Канапніца ў Серадзскай зямлі. З 17 ст. ў ВКЛ. Некат. лініі роду атрымалі графскі тытул у Прусіі (1816) і Рас. імперыі (1798, 1836, 1840, 1844, 1887). З 16 ст. вызнавалі кальвінізм, у 18 ст. ўзначальвалі ў Рэчы Паспалітай рух дысідэнтаў (пратэстантаў і праваслаўных) за раўнапраўе. Найб. вядомыя:

Тамаш Мар’ян (?—1770), сын Стафана. Стараста дудскі, ген.-маёр (1765), ген.-лейтэнант (1767) войска ВКЛ.

Ян Ежы (?—да 13.2.1789), сын Стафана. Палкоўнік коннага рэгімента (палка) войска ВКЛ, ген.-маёр (1756). Прызначаны каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім камандзірам каралеўскай гвардыі ВКЛ. Ген.-лейтэнант (1775), шэф 5-га рэгімента і ген.-інспектар войска ВКЛ у 1776—83. З 1764 актыўна абараняў дысідэнцкі рух, шукаў падтрымку пры замежных манаршых дварах, выступаў супраць кампрамісаў з кіруючымі каталіцкімі коламі. Пры падтрымцы Расіі 20.3.1767 стаў на чале Слуцкай канфедэрацыі. У студз. 1770 разам з братам Міхалам Рыгорам захоплены ў палон барскімі канфедэратамі, але здолеў вызваліцца. З 1769 жанаты з Эльжбетай Шыдлоўскай (каханка, пасля смерці мужа фактычная марганатычная жонка караля).

Міхал Рыгор (каля 1719—8.8.1799), сын Стафана. Шамбялян караля з 1757, палкоўнік коннай гвардыі ВКЛ у 1752—65, шэф рэгімента коннай гвардыі ў 1765—85, ген.-маёр 1-й дывізіі ў 1777—83, ген.-лейтэнант у 1783, пасля ў адстаўцы. Разам з братамі Паўлам і Янам Ежы ўдзельнічаў у стварэнні дысідэнцкіх Тарунскай і Слуцкай канфедэрацый. Ваяваў на Украіне супраць барскіх канфедэратаў і гайдамакаў. У 1770 разам з братам Янам Ежы трапіў у палон да канфедэратаў. Пасол на сойм 1784. У 1798 у Расіі атрымаў графскі тытул.

Ежы Францішак (?, мяст. Свянцяны, ахрышчаны 27.4.1756, мяст. Койданава—пасля 1801), сын Яна Ежы. Ген.-інспектар войска ВКЛ у 1783—89, ген.-лейтэнант (1789). Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794, карыстаўся даверам Т.Касцюшкі. Удзельнік бітвы пад Соламі 15.6.1794, абароны Вільні ў ліп. 1794. З кастр. 1794 камандзір Наднарвенскай дывізіі. 1.11.1794 здаўся прускім войскам, быў зняволены ў Расіі, вызвалены Паўлам І. Выехаў у Парыж, дзе выступаў за стварэнне «літоўскіх» легіёнаў з былых вайскоўцаў ВКЛ. У 1798—99 галоўнакамандуючы войскамі Рымскай рэспублікі. У 1801 прэтэндаваў на пасаду камандзіра Наддунайскага легіёна пасля адстаўкі К.О.Князевіча. Далейшы лёс невядомы.

Павел Ян (1759—4.11.1794), сын Яна Ежы. У 1771—75 вучыўся ў Варшаўскай Рыцарскай школе. Стараста ваўкавыскі з 1783, шэф 5-га рэгімента пяхоты ВКЛ з 1783, ген.-інспектар войска ВКЛ у 1789—91, ген.-лейтэнант (1794); пасол на сойм 1784, Чатырохгадовы сойм 1788—92. Чл. «Т-ва сяброў Канстытуцыі 3 мая». Удзельнічаў у вайне з Расіяй 1792. У паўстанні 1794 камандаваў войскамі ў складзе карпусоў А.Хлявінскага і К.Серакоўскага, з 5.8.1794 камандзір дывізіі. Дзейнічаў на Палессі, праз Гародню рушыў на Варшаву. Загінуў пры абароне Прагі (прадмесце Варшавы).

Павел (?—5.10.1777), сын Тамаша Мар’яна. Палкоўнік войска ВКЛ. У 1777 уступіў добраахвотнікам у англ. армію ў Паўн. Амерыцы, што ваявала супраць ЗША, ад’ютант ген. Г.Клінтана. Загінуў у баі.

Міхал (каля 1773—17.8.1812), сын фармальна Яна Ежы, фактычна — Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Вучыўся ў Вільні і Страсбургу. З 1783 у войску ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Расіяй. З 1794 ген.-ад’ютант караля. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай суправаджаў Панятоўскага ў Гародні і Пецярбургу. У 1807 далучыўся да арміі Напалеона, генерал брыгады (1808). У вайну 1812 камандаваў 1-й брыгадай 18-й дывізіі «Вял. арміі». Часовы губернатар Магілёва. Загінуў у баі за Смаленск.

Міхал (?—9.7.1822), сын Тамаша Мар’яна. Шамбялян караля і канюшы ВКЛ з 1791. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, быў звязаны з Я.Ясінскім. Чл. Найвышэйшай Літоўскай рады. У 1812 па прапанове Напалеона арганізоўваў Беластоцкі дэпартамент у складзе адроджанага ВКЛ. Пасля ў эміграцыі.

Зыгмунт Ксаверый (?—13.12.1808), сын Тамаша Мар’яна. Шамбялян, крайчы ВКЛ у 1784—93, пасол на Чатырохгадовы сойм з 1790. Удзельнічаў у дысідэнцкім руху. У час праўлення Таргавіцкай канфедэрацыі (1792—93) чл. Пастаяннай Рады (інфармаваў пра яе дзейнасць эмігрантаў-патрыётаў). З яго сыноў Аляксандр быў генералам рас. арміі, загінуў у 1812 у бітве з французамі пад Красным; Ксаверый — камергерам, маршалкам шляхты Ваўкавыскага пав.

Стафан (1767—1847), сын Тамаша Мар’яна, гл. Грабоўскі С.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.