Артыкулы: Давыд-Гарадок

Давыд-Гарадок (цяпер горад у Столінскім р-не, Рэспубліка Беларусь), горад у Пінскім пав., на р. Гарынь. Паводле археал. даных, узнік у пач. 12 ст. З 1382 упамінаецца ў пісьмовых крыніцах як цэнтр удзельнага Давыд-Гарадоцкага княства ў складзе ВКЛ. Належаў княжацкай дынастыі няпэўнага паходжання. Ад аднаго з уладальнікаў, князя Давыда Дзмітрыевіча (мяжа 14—15 ст.) горад атрымаў назву Д.-Г. (Гарадок Давыдаў, раней называўся Гарадок). Магчыма, каля 1447 княства і горад атрымала ад вял. князя Казіміра жонка вял. князя Свідрыгайлы Ганна Іванаўна з роду цвярскіх князёў. Пасля яе смерці (да 1486) Д.-Г. зноў перайшоў да вял. князёў. У канцы 15—пач. 16 ст. горадам і княствам валодалі князі Яраславічы, у 1522—56 – каралева Бона, з 1558 – князі Радзівілы. У 1503 пад Д.-Г. разбіты крымскія татары. У 1507 упамінаецца Дзмітрыеўская царква. Рэвізія 1559 называе ў горадзе Дзмітрыеўскую, Васкрасенскую, Мікалаеўскую, Казьмадзям'янаўскую цэрквы. З 1565 у складзе Пінскага пав. Берасцейскага ваяв. З 1586 у складзе Клецкай ардынацыі – буйнога маёнтка Радзівілаў. Неаднаразова аддаваўся Радзівіламі ў трыманне і арэнду прадстаўнікам буйной шляхты. У горадзе каля ўпадзення ў Гарынь р. Чартарыя (Няволя, Няпраўда) існавалі Верхні (Горны) і Ніжні (Дольны) замкі з дрэва-земляных умацаванняў. У 1596 горад захоплены казакамі ў час Налівайкі паўстання 1595—96. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад – цэнтр Давыд-Гарадоцкага паўстання 1648—49. У 1653 у горадзе 29 рамеснікаў 17 прафесій. У 17—18 ст. значны гандлёвы цэнтр. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 войскі стольніка Дз.А.Валконскага на рачных суднах, што выйшлі з Кіева, 26.9.1655 разбілі пад Д.-Г. атрад шляхты (400 чал.) і мяшчан (300 чал.) і на кароткі час захапілі горад, які спалілі. Пасля горад зноў захоплены. У пач. 1660 войскі ВКЛ на чале з С.Аскеркам і Д.Мурашкам вызвалілі Д.-Г. У 1663 у Д.-Г. 362 дымы, каля 3 тыс. жыхароў, у 1675 былі 2 царквы і 1 касцёл. У 1691 у горадзе 52 рамеснікі. У 2-й пал. 17 ст. пабудавана драўляная Георгіеўская царква, перароблена ў 1724 (збераглася). З 1791 у Запінскім пав. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (социально-экономическое исследование истории городов). Мн., 1975;

Максімава Э.С. Давыд-гарадоцкія злотнікі XVII—XVIII стст. // Помнікі мастацкай культуры Беларусі. Мн., 1989;

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 41—47;

MikulskiW., Zawadzki J. OpisyzamkówbiałoruskichzinwentarzydóbrprzechowywanychwArchiwumRadziwiłłówwArchiwumGłównymAktDawnych. Warszawa, 1999.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.