Артыкулы: Дайнаўскас (Dainauskas) Ёнас

Дайнаўскас (Dainauskas) Ёнас (21.1.1904, г. Каўнас—27.5.2000), літоўскі гісторык, бібліятэчны работнік. Скончыў Каўнаскі ун-т Вітаўта Вялікага (1933). У 1927—40 працаваў у Міністэрстве ўнутраных спраў, у 1937—39 выкладаў у Вышэйшай школе паліцыі. У 1941 зняволены нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, пасля працаваў у Каўнасе адвакатам і выкладчыкам у гімназіі, у 1944 мабілізаваны ў нямецкую армію, у 1945 трапіў у Польшчы ў савецкі палон, з якога збег. Да 1957 жыў у Польшчы, пасля ў Францыі, з 1961 у ЗША, дзе працаваў бібліятэкарам. З 1968 выкладаў у Педагагічным літуаністычным ін-це ў Чыкага. Быў адным са стваральнікаў Цэнтра літуаністычных даследаванняў у Чыкага, якому перадаў уласную б-ку (каля 18 тыс. адзінак). У 1961—87 рэдагаваў працяглае выданне «Народнае мінулае» («Tautos praeitis»), у якім друкаваў бібліяграфію прац літоўскай эміграцыі. Даследаваў права ВКЛ 14—16 ст., узаемаадносіны ВКЛ і Польшчы, гісторыю хрышчэння Літвы. Падрыхтаваў бібліяграфію па гісторыі Літвы «Літоўская гістарыяграфія» («Lietuvos istoriografija», 11 сшыткаў, 1971—84), перавыданне часопіса «Аўшрас» («Aušros») за 1883—86 (1983) і інш. Аўтар кнігі «Літоўцы і літоўскае хрышчэнне і 1387-і год» («Lietuvos bei lietuvių krikštas ir 1387-ji metai», Чыкага, 1991). Абгрунтоўваў думку, што акт Крэўскай уніі 1385 быў падроблены ў пазнейшыя часы, што выклікала шырокую навуковую дыскусію.

Літаратура:

Katilius A. Jonas Dainauskas (1904 01 21—2000 05 27) // Lietuvos istorijos metraštis, 2000 metai. Vilnius, 2001.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.