Артыкулы: Данкварт (Danquart) Бальтазар

Данкварт (Danquart) Бальтазар (1.3.1629, Вільня—5.7.1699), дзеяч каталіцкай царквы. У 1644 уступіў у Вільні ў ордэн езуітаў, з 1657 ксёндз. Скончыў навіцыят у Вільні. У 1647—50 вывучаў у Вільні філасофію, у 1655—58 у Празе — тэалогію. Прафесар рыторыкі ў Полацку ў 1652—54, Літомежыцах, Опаве, Рэшэлю ў 1661—62, Вільне ў 1663—64, Пултуску ў 1666—67. Быў прапаведнікам у калегіяце св. Яна ў Варшаве, на двары караля польскага і вял. князя літоўскага Яна III Сабескага. Заклікаў да рэформ дзяржаўнага ладу, узмацнення каралеўскай улады. З-за інтрыг каралевы Марыі Казіміры Сабескай быў вымушаны пераехаць у Вільню. У 1679—83 пракуратар Літоўскай правінцыі ордэна езуітаў, у 1690—93 рэктар Віленскага навіцыята, у 1694—97 рэктар Віленскай акадэміі. Значна пашырыў акадэмію, павысіў у ёй узровень навучання. Мэты касцельнай пропаведзі абгрунтаваў у творы «Breve directorium concionatoris apostolici» (2 выд., Вільня, 1699). Пераклаў і выдаў кнігу А.Радрыгеса «Пра развіццё ў дасканаласці» («О postępowaniu w doskonałości», Вільня, 1698). Апублікаваў некалькі казанняў. У рукапісах засталіся яго лекцыі па рыторыцы і тэалогіі, казанні, прамовы і інш.

Літаратура:

Piechnik L. Próby odnowy Akademii Wileńskiej po klęskach Potopu i okres kryzysu 1655—1730. Rzym, 1987.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.