Артыкулы: Даўгяла-Завіша Ян Кароль

Даўгяла-Завіша Ян Кароль (1597—9.3.1661), дзеяч каталіцкай царквы. З шляхецкага роду герба «Задора». У Віленскай акадэміі вывучаў філасофію і права. Пасля на двары віленскага біскупа Бенядзікта Войны, які паслаў яго на вучобу ў Інгальштат і Балонню (атрымаў там ступень доктара філасофіі і абодвух правоў). Пасля суправаджаў сыноў Альбрэхта Радзівіла падчас іх вучобы ў Грацы (Аўстрыя, 1637), Балонні (1638) і Францыі. Канонік віленскі з 1639, рэгент вял. канцылярыі ВКЛ у 1641—49 (арганізаваў перапісванне ў адзін зборнік прывілеяў, дараваных Віленскаму капітулу). Па жаданні прымаса Мацея Любенскага капітул абраў Д.-З. сваім прадстаўніком на Тарунскі харытатыўны калоквіум 1645 для выпрацоўкі паразумення католікаў з дысідэнтамі. Архідыякан віленскі з 1645. Удзельнічаў у абранні на трон у 1648 Яна ІІ Казіміра. Вял. пісар і рэферэндар духоўны ВКЛ у 1649—56. Пасля смерці віленскага біскупа Абрагама Войны (1649) атрымаў годнасць афіцыяла (адміністратара дыяцэзіі), але адмовіўся ад гэтай пасады. Пасол на Берасцейскі сойм 1653, прэпазіт троцкі з 1654. Пасля смерці віленскага біскупа Ежы Тышкевіча ў 1656 абраны на пасаду віленскага біскупа, пасвячоны ў 1657 у Чэнстахове (Польшча). Фактычна не кіраваў дыяцэзіяй, бо яна амаль цалкам была занята маскоўскімі войскамі. Прыкладаў намаганіі да ўціхамірвання войска ВКЛ, якое выйшла з падапарадкавання камандаванню з-за нявыплаты жалавання, удзельнічаў у заключэнні перамір’яў з Расіяй 1656 і 1658. Шмат суправаджаў Уладзіслава IV, які прызначыў яго каралеўскім сакратаром, і Яна ІІ Казіміра. Вызначаўся красамоўствам, веданнем замежных моў. Прастудзіўся падчас асвячэння касцёла ў Альшэве ў Слонімскім пав., памёр у Бездзежы, пахаваны ў Ражанай.

Літаратура:

Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. T. 2. Petersburg, 1860;

Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i prace biskupów i duchowienstw a djecezji wileńskiej, oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i społecznych. Wilno, 1912.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.