Артыкулы: Дзяволтва (Дзевалтва)

Дзяволтва, Дзевалтва, усходнебалцкая зямля. У Іпацьеўскім летапісу пры пералічэнні літоўскіх князёў, што заключылі дагавор 1219 з Уладзіміра-Валынскім княствам, на апошнім месцы названы «князи из Дяволтвы»: Юдзькі, Пукеік, Бікшы, Лікіік. Два апошніх упамінаюцца і ў акце Міндоўга 1260, якім ён перадае, у выпадку адсутнасці ў яго спадкаемцаў, сваё каралеўства Тэўтонскаму ордэну (дакумент прызнаецца даследчыкамі фальсіфікатам). У Іпацьеўскім летапісу (Іпацьеўскі спіс) адзначана, што Войшал з дапамогай валынскіх князёў Шварна і Васількі, помсцячы сваім ворагам, захапіў іх гарады «во Дявелътве и в Нальщанехъ» (1264). Відаць, да канца 13 ст. Дз. як асобная зямля са сваёй паліт. арганізацыяй перастала існаваць і была падпарадкавана непасрэдна вял. князям літоўскім. Гіст. крыніцы не захавалі пэўнай інфармацыі пра межы Дз. Згодна з гіст. традыцыяй, захаванай, у прыватнасці, у хроніцы Мацея Стрыйкоўскага, Дз. прывязвалася да р. Швянтойя. Гісторык Г.Лаўмянскі лакалізаваў Дз. ў верхнім цячэнні р. Швянтойі і басейне р. Шырвінта (1932), дзе пазней быў Вількамірскі павет (аднак яго тэрыторыя была шырэйшая). У.Пашута меркаваў, што Дз. ляжала ў міжрэччы Нявяжы і Швянтойі (1956) або на У ад Швянтойі (1959). Г.Забела і Т.Баранаўскас на аснове археалагічных дадзеных лічаць, што Дз. ахоплівала зах. частку сучаснага Малецкага р-на, паўд. часткі Анікшчайскага р-на, усх. частку Укмергскага р-на (каля 2 тыс. км2), уваходзіла ў паўн.-ўсх. частку арэала археалагічнай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў; падзялялася як мінімум на 8 валасцей.

Літаратура:

Zabiela G., Baranauskas T. Deltuvos žemė // Lietuvos istorijos metraštis, 1995 metai. Vilnius, 1996.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.