Артыкулы: Дольскія

Дольскія, княжацкi род уласнага герба («Касцеша» са зменай). Відаць, паходзiлi ад турава-пiнскiх Рурыкавiчаў. Прозвiшча ад в. Дольск (Стары Дольск, Пiнскi пав., цяпер Украiна). Асн. маёнткi мелi ў Пiнскiм пав. Гэтая галiна роду згасла па мужчынскай лiнii ў канцы 17 ст., на Украiне пабочныя адгалiнаваннi Д. iснавалi ў 19 ст. Першымi вядомымi з роду Д. былi: Андрэй, якi ў 1488 атрымаў ад вял. князя Казіміра 6 коп грошаў з луцкага мыта; Iлья, дзедзiч Дольска, у 1528 выстаўляў у войска 2 вершнiкаў; Пракоп, суддзя гродскi ваўкавыскi ў 1564; Беата, жонка кн. Саламярэцкага, удзельнiчала ў абароне г. Дубна ад татараў у 1577. Найб. вядомыя:

Мiхал Нiцыфар (?—1623), сын Рамана. Стольнiк, потым падсудак земскi пiнскi, у 1589 прызначаны паборцам пiнскiм. Суддзя земскi пiнскi з 1606, кашталян берасцейскi з 1621, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1611.

Пракоп Раманавiч (?—?), сын Рамана, брат Мiхала Нiцыфара. Суддзя земскi ваўкавыскi ў 1609—23. Меў сыноў Андрэя, Крыштофа, Мiкалая, Паўла Уладзiслава, якiя страцілі княжацкi тытул.

Андрэй (?—1646), сын Пракопа Раманавіча. Дваранiн iмператара Фердынанда II, як сакратар польскага караля быў паслом на сойм 1627. З 1628 падкаморы ваўкавыскi.

Крыштоф (?—1633), сын Пракопа Раманавіча. Дваранiн каралеўскi, з 1631 падкаморы пiнскi. Яго сын Казiмiр загiнуў у бiтве пад Магiлёвам у сярэдзiне 17 ст.

Павел Уладзiслаў (?—да 1645), сын Пракопа Раманавіча. У маладосцi дваранiн iмператара Свяшчэннай Рымскай iмперыi, потым сакратар караля польскага, войскi ваўкавыскi пасля 1640.

Мiкалай (?—1647), сын Пракопа Раманавіча. Падсудак земскi пiнскi ў 1600, харужы пiнскi з 1633. Забiты ў час казацкiх нападаў уласнымi падданымi ў Целяханах.

Ян Кароль (1637—29.4.1695), сын Мікалая. Падстолі слонімскі з 1656, пінскі падкаморы з 1662, маршалак у 1666—76, адначасова крайчы ВКЛ у 1670—76, падчашы ВКЛ у 1676—85, маршалак надворны ВКЛ у 1685—91, маршалак вялiкi ВКЛ з 1691. Удзельнiчаў у войнах са Швецыяй, Расiяй, Турцыяй. У 1690 атрымаў ад урада Рэчы Паспалiтай зямлю пад Пiнскам, дзе збудаваў прадмесце Каралiн i бастыённы замак. Палкоўнiк каралеўскi, стараста пiнскi i ваўкавыскi, адмiнiстратар Алiцкай эканомii. Фундаваў кляштары i калегiумы пiяраў у Дубровiцы ў 1684 i ў Любяшове (Новым Дольску) у 1686. У канцы жыцця карыстаўся графскiм тытулам. Яго 10 дзяцей памерлi ў дзяцiнстве, дачка Кацярына выйшла замуж за Мiхала Сервацыя Вiшнявецкага.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.