Артыкулы: Дыянісій

Дыянісій (свецкае Давід; каля 1300—15.10.1385), дзеяч праваслаўнай царквы. Мяркуецца, што паходзіў з Кіеўскай зямлі і прыняў манаства ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Каля Ніжняга Ноўгарада заснаваў Вазнясенскі Пячэрскі манастыр, стаў яго ігуменам, потым архімандрытам. З 1371 епіскап суздальскі і ніжагародскі. Як мяркуецца, Д. удзельнічаў у стварэнні Лаўрэнцьеўскага летапіса. Актыўна змагаўся з ерассю стрыгольнікаў. Пасля смерці мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Аляксея (1378) вял. князь маскоўскі Дзмітрый Іванавіч меркаваў паставіць у мітрапаліты (шляхам склікання сабра рус. епіскапаў) свайго духоўніка Міцяя, што выклікала супраціўленне духавенства. Д. сарваў скліканне сабора і вырашыў адправіцца ў Канстанцінопаль за мітрапаліцкім санам для сябе. Дзмітрый Іванавіч зняволіў Д., але пасля выпусціў (за яго паручыўся Сергій Раданежскі). Аднак Д. збег з Ніжняга Ноўгарада і па Волзе дабраўся да Канстанцінопаля. Туды ж адправіўся і Міцяй, але памёр па дарозе. Мітрапаліцкі сан подкупамі атрымаў у Канстанцінопалі спадарожнік Міцяя пераяслаўскі архімандрыт Пімен (1380), аднак вял. князь саслаў яго ў Чухламу. Д. вярнуўся на Русь у 1382 з санам архіепіскапа. На сан мітрапаліта кіеўскага прэтэндаваў і Кіпрыян, які жыў у ВКЛ, таму Дзмітрый Іванавіч вырашыў падтрымаць Д. У 1384 Д. адпраўлены ў Канстанцінопаль, дзе патрыярх нізлажыў Пімена, прызначыў мітрапалітам Д. і адправіў з ім у Маскву 2 грэчаскіх мітрапалітаў для ўзвядзення яго на кафедру. У Кіеве Д. быў схоплены князем Уладзімірам Алелькавічам, які абвінаваціў Д. у тым, што той пайшоў у Канстанцінопаль за мітрапаліцкім санам без яго загаду (Уладзімір Алелькавіч фармальна, як кіеўскі князь, меў права выбіраць кандыдатуру кіеўскага мітрапаліта, але дзейнічаў, відаць, па загаду вял. князя літоўскага Альгерда, які падтрымліваў кандыдатуру Кіпрыяна). Д. быў кінуты ў вязніцу, дзе і памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Літаратура:

Соколов П. Русский архиерей из Византии и право его назначения до начала XV в. Киев, 1913;

Казакова Н.А., Лурье Я.С. Антифеодальные еретические движения на Руси XIV—начала XVI вв. М.; Л., 1955;

Повесть о Митяе: (Русь и Византия в эпоху Куликовской битвы). Л., 1979.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.