Артыкулы: Елісей Плецянецкі

Елісей Плецянецкі[свецкае Аляксандр Фаміч; каля 1554, г. Львоў—29.10(8.11).1624], дзеяч праваслаўнай царквы. Удзельнічаў у брацкім руху ў Львове. Стаў святаром, у 1594 прыняў манаства. З 1595 архімандрыт Пінскага Лешчанскага манастыра. У ліп. 1596 падтрымаў рух правасл. насельніцтва Пінска, якое пратэставала супраць заключэння царк. уніі і ўнесла ў Пінскі гродскі суд заяву, што не далучацца да мяркуемай уніі з каталіцкай царквой. Удзельнічаў у царк. саборы ў Берасці ў 1596, рашуча выступіў супраць заключэння уніі. У 1599 абраны архімандрытам Кіева-Пячэрскай лаўры (зацверджаны каралём Жыгімонтам ІІІ у 1605). Прыклаў шмат намаганняў для абароны маёмасных інтарэсаў лаўры ад прэтэнзій уніятаў і католікаў. Варагаваў з ігуменам Выдубіцкага манастыра уніятам Антоніяем Грэкавічам, які ў 1618 забіты натоўпам. У 1620 дамогся ад канстанцінопальскага патрыярха Феафана пацверджання права лаўры на стаўрапігію (падпарадкоўвалася напрамую патрыярху), увёў тут агульжыційны статут. Заснаваў у лаўры школу і друкарню, для якой адчыніў папяровы млын у Радамыслі, арганізаваў друкаванне царк. кніг і падручнікаў, для якіх пісаў прадмовы. Запрасіў у лаўру вядомых інтэлектуалаў (Захарыя Капысценскага, Памву Бярынду, Тарасія Земку, Лаўрэнція Зізанія і інш.). Займаўся вял. дабрачыннай дзейнасцю, падтрымліваў шпіталь. Садзейнічаў заснаванню Кіеўскага брацтва. На некаторы час даў у лаўры прытулак збегламу манаху Рагору Атрэпьеву (Ілжэдзмітрыю І). Перад смерцю прыняў схіму з імем Яўфімій.

Літаратура:

Голубев С. Панегирик киево-печерскому архимандриту Елисею Плетенецкому 1618 года // Тр. Киевской духовной академии. 1910. № 6. С. 296—350;

Титов Ф. Типография Киево-Печерской Лавры: Исторический очерк (1606—1616—1916 г.г.). Т. 1—2. Киев, 1918.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.