Артыкулы: «Зборнік палеаграфічных здымкаў са старажытных грамат і актаў, якія захоўваюцца ў Віленскім Цэнтральным Архіве і Віленскай Публічнай Бібліятэцы»
«Зборнік палеаграфічных здымкаў са старажытных грамат і актаў, якія захоўваюцца ў Віленскім Цэнтральным Архіве і Віленскай Публічнай Бібліятэцы» («Сборник палеографических снимков с древних грамот и актов, хранящихся в Виленском Центральном Архиве и Виленской Публичной Библиотеке»), археаграфічны зборнік дакументаў. Выдадзены Віленскай археаграфічна камісіяй у 1884 (вып. 1, працяг выдання не здзейснены), падрыхтаваны С.В.Шаўковічам. У зборніку змешчаны 59 дакументаў 1432—1548 у выглядзе літаграфіраваных выяў (цалкам або частак) і друкарскага набора (дакументы, якія публікаваліся ўпершыню, змешчаны цалкам, іншыя — у выглядзе рэгестаў). Сярод апублікаваных матэрыялаў велікакняжацкія прывілеі (у т.л. на магдэбургскае права), прадажныя запісы, судовыя выракі. Першы апублікаваны акт — прывілей вял. кн. Жыгімонта Кейстутавіча аб вызваленні віленскіх мяшчан ад мыта на ўсёй тэрыторыі ВКЛ 1432. Частка апублікаваных дакументаў — арыгіналы на пергаменце (29, з іх 14 былі раней апублікаваны), астатнія ўзяты з акавых кніг Дарагічынскага земскага і гродскага судоў, Ковенскага магістрата, Гародзенскага земскага суда, Дарагічынскага і Кнышынскага магістратаў. Прыведзены звесткі аб ранейшых публікацыях дакументаў, іх знешнім выглядзе і месцы захавання. Выданне забяспечана паказальнікамі асабовых імён, геаграфічных назваў, прадметаў і малаўжывальных слоў.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


