Артыкулы: Ілукшта
Ілукшта (латыш. Ілукстэ, Ilūkste, цяпер горад у Даўгаўпілскім р-не Латвійскай Рэспубліцы), горад у Курляндскім і Земгальскім герцагстве, на р. Ілукшта. Вядома з 1550. Уласнасць графаў Зібергаў. У канцы 16 ст. існаваў лютэранскі збор, пасля перароблены на касцёл. Значную частку насельніцтва горада складалі католікі і уніяты. Зібергі фундавалі езуіцкую рэзідэнцыю (1681, 1690, 1702), якая адчынілася ў 1690. У канцы 17—1-й пал. 18 ст. пабудаваны комплекс езуіцкіх будынкаў з драўляным касцёлам (асвячоны ў 1690), у 1748 ён згарэў. У 1754—58 і 1761—69 пабудаваны мураваны касцёл (архітэктар Т.Жаброўскі). З 1691 дзейнічала езуіцкая школа, у 1761—73 — калегіум; існавалі канвікт, тэатр з уласнай залай, музычная бурса, бібліятэка. Пасля забароны ордэна езуітаў іх касцёл і калегіум у 1787 перайшлі да ордэна місіянераў. У сярэдзіне 18 ст. ваявода інфлянцкі Юзафат Зіберг пачаў будаваць мураваны замак (будоўля не скончана). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772), калі Інфлянцкае княства адышло да Рас. імперыі, І. стала месцам збору сойміка інфлянцкай шляхты-эгзулянтаў («цэнтрам» Інфлянцкага княства) і шляхты Курляндскага княства, што ўзаконіў у 1791 Чатырохгадовы сойм 1788—92. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Paszenda J. Kościół jezuitów w Iłłukszcie // Paszenda J. Budowle jezuickie w Polsce XVI—XVIII w. Kraków, 1999. T. 1.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне