Артыкулы: Калінка (Kalinka) Валяр’ян
Калінка (Kalinka) Валяр’ян (20.11.1826, в. Балехавiцы каля Кракава—16.12.1886), польскi гiсторык, публiцыст, палiтычны дзеяч. Скончыў Кракаўскi ун-т (1845). Удзельнiк Кракаўскага паўстання 1846, да 1848 у эмiграцыі ў Бельгii i Галандыi. Палiтычныя погляды К. эвалюцыянiравалi ад дэмакратычна-рэвалюцыйных да шляхецка-кансерватыўных. У 1848—52 супрацоўнiк кракаўскага час. «Czas» («Час»), потым зноў у эмiграцыi, пераважна ў Францыi, дзе разам з палiтычнай дзейнасцю заняўся гiсторыяй. Быў звязаны з «Атэлем Лямбэр» (кола кансерватыўных эмiгрантаў на чале з Чартарыйскiм), адзiн з рэдактараў яго час. «Wiadomości polskie» («Польскiя навiны»). Чл. гiст.-лiтаратурнага таварыства ў Парыжы. У 1862 аддалiўся ад Чартарыйскiх i пераехаў у Рым для архiўных пошукаў, аднак з пачаткам паўстання 1863 вярнуўся ў Францыю i працаваў у Гал. дыпламатычным агенцтве Нац. ўрада. У 1868 у Рыме ўступiў у ордэн Уваскрэсення Божага, з 1870 святар. Вывучаў пераважна палiтычную гiсторыю Рэчы Паспалiтай 18 ст. Вял. ўвагу аддаваў даследаванню псiхалагiчных асаблiвасцей палiтычных дзеячаў, быў схiльны да маралiзатарства. Лiчыцца бацькам кракаўскай школы гiсторыкаў з яе «песiмiстычным» поглядам на гiсторыю. Вядомасць К. прынесла праца «Апошнiя гады панавання Станiслава Аўгуста» (т. 1—2, 1868), дзе даказвалася, што крызiс i крах Рэчы Паспалiтай быў выклiканы маральным заняпадам народа. Працягам яе з’явiлася даследаванне «Чатырохгадовы сойм» (т. 1—3, 1880—88).
Творы:
Dzieła. T. 1—12. Kraków, 1891—1902;
Sejm czteroletni. T. 1—2. [4 wyd.] Warszawa, 1991.
Літаратура:
Mrówczyński O.J. Ks. Walerian Kalinka: życie i działalność. Poznań, 1972 (змешчана бібліяграфія прац К.).
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


