Артыкулы: Кальварыя Віленская

Кальварыя Віленская, цэнтр каталіцкага культу ў Верках каля Вільні. Заснаваў у 1662 віленскі біскуп Ежы Белазор як воту за вызваленне Вільні ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Тут у маляўнічай пагоркавай лясной мясцовасці быў пабудаваны драўляны касцёл Адшукання Св. Крыжа з 35 драўлянымі стацыямі ўздоўж мемарыяльнага «пакутнага шляха Хрыста» даўжынёй прыкладана 1 міля, які імітаваў яго мучэнні ў Ерусаліме. Комплекс быў аддадзены пад апеку манахаў-дамініканцаў, для якіх па ініцыятыве біскупа А.Сапегі ў 1675—1701 пабудаваны кляштар. К.В. хутка стала важным асяродкам каталіцкага культу, які прыцягваў шматлікіх пелігрымаў. У 1755 па фундацыі М. і К. Пятроўскіх пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, асвячонага віленскім біскупам Тамашом Зянковічам у 1772. Таксама былі пабудаваны 19 барочных мураваных капліц, 7 драўляных і 1 мураваная брама, мост цераз р. Балтупіс, якая атрымала біблейскую назву Цэдрон. Касцёл моцна пацярпеў ад французскага войска ў 1812 (тут зроблены казармы і шпіталь, адбыўся пажар), пасля адбудаваны. Пасля паўстання 1830—31 комплекс перададзены свецкаму духавенству. У 1960-я г. усе капліцы, акрамя 4, знішчаны (цяпер аднаўляюцца). Касцёл у стылі позняга барока — 3-нефавая базіліка з трансептам, з 2 вежамі на гал. фасадзе. Цэнтр. неф упрыгожаны фрэскамі, а сакрысція — барэльефам у тэхніцы стука. Захаваліся амвон у стылі ракако і хрышчальня. Побач з касцёлам жылы корпус дамініканскага кляштара.

Літаратура:

Jeleńska E. Kalwarya pod Wilnem. Wilno, 1903;

Lietuvos architektūros istorija. Т. 2. Vilnius, 1994. Р. 116—118;

Friedelówna T. Tradycje Kalwarii Wileńskiej // Wilno i kresy północno-wschodnie: Materiały II Międzynarodowej Konferencji w Białymstoku 14—17 IX 1994 r. Białystok, 1996. Т. 2.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.