Артыкулы: Кальварыя Жамойцкая
Кальварыя Жамойцкая (літ. Žemaičių Kalvarija, цяпер мястэчка ў Плунгескім р-не, Літоўская Рэспубліка), мястэчка ў Жамойці, на р. Вардува. Да сярэдзіны 17 ст. было вёскай Горды. Вядома з 1253. У канцы 16 ст. пабудаваны касцёл. У 1637 жамойцкі біскуп Ежы Тышкевіч збудаваў тут касцёл св. Іаана, перадаў яго дамініканцам. У 1639—42 пабудаваў новы касцёл і крыжовы шлях даўжынёй 7 км з 19 стацыямі, які ідзе праз вакольных 7 гор: Бярозавую, Жвіравую, св. Іаана, Шатрыйскую, Піўнічную, Крыжовую і св. Алены. У 1642 Тышкевіч заснаваў мястэчка пад назвай К.Ж., якоя стала адным з галоўных культавых цэнтраў Жамойці. У 1644 заснавана дамініканская школа. Каля 1750 пабудаваны новы касцёл. У 1785—1822 паводле праекта Аўгустына Касакоўскага збудаваны мураваны касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл — 3-нефавая базіліка з 3-ганнай апсідай у стылі позняга барока і класіцызму, упрыгожаная на гал. фасадзе 2 вежамі. Мае 9 алтароў, у гал. алтары знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай з дзіцяткам. Мяркуецца, што абраз мог быць напісаны ў 1-й пал. 17 ст. ў Італіі, пазней перапісаны на месцы. У 1789 у К.Ж. было 74 дымы. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Žemaičių Kalvarija: vienuolynas, bažnyčia ir Kryžiaus kelio stotys. Vilnius, 2003;
Vasiliūnienė D. Žemaičių Kalvarija. Piligriminio centro istorija ir dailė XVII—XIXa.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


