Артыкулы: Камары (Комары)

Камары, Комары, шляхецкі род уласнага герба «Камар». Адна з галiн роду карысталася ў ВКЛ прозвiшчам Камары-Забажынскiя. Род вядомы з канца 15 ст., калi яго родапачынальнiк Камар у 1481 узяў у трыманне Рэчыцкае стараства. У 16—17 ст. валодалі маёнткам Жодзішкі Ашмянскага пав., у 17 ст. — маёнткам Нішча Браслаўскага павета. Найб. вядомыя:

Крыштоф (?—?), сын Яраша. Каралеўскi ротмiстр. Быў на баку Жыгiмонта III у час Зэбжыдоўскага рокашу 1606—09. Фундаваў у Жодзiшках касцёл.

Геранiм (?—пасля 1678), сын Крыштофа. Падстолi (1648), падсудак, суддзя земскi аршанскi (1667). У 1665 разам з iншай шляхтай падпiсаў хадайнiцтва пра кананiзацыю архіепіскапа I.Кунцэвiча. Удзельнiчаў у абраннi каралёў Яна II Казiмiра ў 1648, Мiхала Вiшнявецкага ў 1669 i Яна III Сабескага ў 1674. У час бескаралеўя 1673—74 маршалак каптуровага суда Аршанскага пав. Дыпламатычную кар’еру пачаў як кур’ер i перакладчык у час перагавораў у 1644 дэлегацый Рэчы Паспалiтай i Расii ў Дубровiчах. У 1665 узначальваў пасольства ў Маскву. Удзельнiчаў у перагаворах па заключэннi Андросаўскага перамiря 1667 i ў вял. пасольстве ў Маскву. У 1669—70 удзельнiчаў у новых перагаворах у Андросаве, наведаў Маскву ў складзе пасольстваў у 1670, 1671, 1673 i 1678. Валодаў маёнткамі ў Ашмянскім пав. Меў сыноў Крыштофа (суддзя гродскi ашмянскi ў 1683, падстолi браслаўскi), Казiмiра (суддзя земскi аршанскi) i дачку Ганну.

Ежы (?—?), староста буцянскi, войскi вендэнскi, ротмiстр каралеўскi. У 1648 удзельнiчаў у абраннi каралём Яна II Казiмiра. У час вайны з Расiяй 1654—67 сваiм коштам выставiў казацкую харугву, за што на сойме 1662 атрымаў маёнткi Дабейкi (Буцяны), Вайтуны, Жыбуртаны i Колчмы-Вайскiнiкi.

Літаратура:

Boniecki A. Herbarz Polski. Warszawa, 1907. T. 10. S. 357—362.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.