Артыкулы: камедулы

камедулы, манахі каталіцкага манаскага ордэна пустэльнікаў. Вылучыліся з бенедыкцінцаў дзякуючы рэформам Рамуальда з Камальдолі (лац. Campus Malduli, каля Арэца ў Італіі, 1012 або 1023; адсюль назва). У 1072 папа Аляксандр ІІ вызваліў К. з-пад юрысдыкцыі біскупаў. Статут К. засноўваўся на бенедыкцінскім, быў больш жорскі і патрабаваў ад манахаў строгага пустэльнага жыцця, маўчання, шчырага посту, фізічнай працы, агульнай малітвы. Насілі габіты з белай воўны. Трымалі шматлікія шпіталі і аптэкі. З цягам часу падзяліліся на асобныя кангрэгацыі, у т.л. з цэнтрамі ў Монтэ-Кароне ў Перуджы (Кангрэгацыя камедульскіх пустэльнікаў Монтэ-Кароны, лац. Congregatio Eremitarum Camaldulensium Montis Coronae, ECMC, ErCam) і ў Камальдолі (Камедульская кангрэгацыя ордэна св. Бенядзікта, лац. Congregatio Camaldulensis Ordinis Sancti Benedicti, OSBCam). У Польшчы К. з’явіліся ў пач. 11 ст., стала аселі ў пач. 17 ст. У ВКЛ у 1662 кляштар К. заклаў К.З.Пац у Пажаях каля Коўна (гл. Пажайскі кляштар камедулаў), у 1667 — кароль Ян ІІ Казімір на паўвостраве воз. Вігры ў Гарадзенскім павеце. У 1685 гэты кляштар атрымаў статут прыярата, да 1699 закладзены мураваны касцёл паводле праекта, відаць, П.Пуціні, у 1800 скасаваны прускімі ўладамі. Кляштары (пустэльні) К. Рэчы Паспалітай падпарадкоўваліся ўладзе кляштара ў Монтэ-Кароне ў Італіі.

Літаратура:

Zarewicz L. Zakon kamedulów, jego fundacje i dziejowe wspomnienia w Polsce i Litwie. Kraków, 1871;

Kłapkowski W. Duszpasterstwo i oświata w dobrach klasztoru kamedulów wigierskich. Sejny, 1933.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.