Артыкулы: Камендоне (Commendone) Джавані Фрачэска
Камендоне (Commendone) Джавані Фрачэска (17.3.1523, г. Венецыя, Італія—26.12.1584), дзеяч каталіцкай царквы, кардынал, дыпламат, актыўны дзеяч контррэфармцыі. Вучыўся ў Падуанскім ун-це. З 1550 у Рыме, дзякуючы пратэкцыі пасла Венецыі прызначаны сакратаром рымскага папы Юлія ІІІ. У 1553 удзельнічаў у пасольстве да англійскай каралевы Марыі Цюдар для рэстаўрацыі ў Англіі каталіцтва. У 1555 атрымаў тытул біскупа зантыйскага. У 1556 удзельнічаў у пасольстве ў Іспанскія Нідэрланды, да імператара Карла V і караля Філіпа ІІ. У 1556 папскі нунцый у рэспубліках Урбіна, Ферара, Парма і Венецыя. У 1560 як папскі легат прыбыў у Свяшчэнную Рымскую імперыю для запрашэння прадстаўнікоў каталіцкіх і пратэстанцкіх дзяржаў на Трыдэнцкі сабор. У 1563—65 папскі легат і апостальскі нунцый у Польшчы. Стаў фактычным галавой польскага касцёла, абмежаваўшы амбіцыі польскіх біскупаў. Пераканаў караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста не склікаць нацыянальны царкоўны сабор, на якім магла быць створана незалежная ад Рыма царква. Разам з вармінскім біскупам Станіславам Гозіем дамогся прыняццем польскім епіскапатам пастаноў Трыдэнцкага сабора. Садзейнічаў прыбыццю ў Польшчу ордэна езуітаў. Дзейнасць К. дала пачатак палітыкі контррэфармацыі ў Польшчы і ВКЛ. У 1564 атрымаў ранг кардынала. У 1566 папскі легат на імперскім рэйхстаге ў Аўгсбургу. У 1568 легат да імператара Максіміляна ІІ. У 1571—73 папскі легат і апостальскі нунцый у Рэчы Паспалітай, якую намагаўся далучыць да ствараемай антытурэцкай лігі. Пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста (1572) садзейнічаў абранню ў 1573 на трон Рэчы Паспалітай Генрыка Валезы.
Творы:
Pamiętniki o dawnéj Polsce z czasów Zygmunta Augusta, obejmujące listy Jana Franciszka Commendoni do Karola Boromeusza z Biblioteki Berberiańskiej. Т. 1—2. Wilno, 1851.
Літаратура:
Любович Н. Папский нунций Коммендоне в Польше: (Из эпохи начала католической реакции) // Журнал мин-ва нар. просвещения. 1887. № 1—2.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


