Артыкулы: Каменскі-Длужык Адам

Каменскі-Длужык Адам (?—пасля 1672), пісьменнік-мемуарыст. Паходзіў, магчыма, з аршанскай шляхты. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 апынуўся на захопленай тэрыторыі і прысягнуў цару. Пасля далучыўся да войска Рэчы Паспалітай, у бітве на Басі 1660 трапіў у палон. Праз Магілёў быў перавезены ў Маскву. У Расіі вядомы пад імем Грышка. У 1661 разам з інш. «людзьмі літоўскімі, здраднікамі» накіраваны на прымусовую службу ў Сібір. Спачатку служыў «казаком» у Табольску, з 1662 у Якуцку, тут у 1664—68 наглядчык у вязніцы. Пасля заключэння Андросаўскага перамір’я 1667 выехаў у Маскву, куды прыбыў у 1669, і ў 1772 разам з пасольствам Рэчы Паспалітай выехаў на радзіму. К.-Д. пакінуў кароткі дыярыуш свайго побыту ў Расіі, дзе прыведзены звесткі аб прыродзе і эканоміцы Сібіры, яе народах (комі-зыранах, мансі, хантах, якутах, чукчах, тунгусах, эвенках), іх побыце і вераваннях. Удзел К.-Д. ў экспедыцыі, што быццам выйшла на суднах з Лены, абагнула мыс Дзяжнёва і дасягнула Амура, непраўдападобныя. Відаць, шмат якія звесткі К.-Д. узяў з расказаў мясц. жыхароў. Напісаны па-польску з шматлікімі беларусізмамі дыярыуш К.-Д. стаў першай наратыўнай крыніцай, прысвечанай апісанню Сібіры. Захаваўся ў копіі 18 ст.

Творы:

Dyaryusz więzienia moskiewskiego, miast i miejsc opisany // Warta. Poznań, 1874;

Diariusz więzienia moskiewskiego, miast i miejsc // Dwa polskie pamiętniki z Syberii XVII i XVIII wieku. Wrocław, 1996;

Бел. пер. — Дыярыуш маскоўскага палону з апісаннем гарадоў і мясцовасцей // Бел. літаратура і літаратуразнаўства. Мн., 1974. Вып. 2.

Літаратура:

Коршунаў А.Ф. Нататкі з падарожжа па Сібіры у XVII ст.: («Дыярыуш» Адама Каменскага) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1973. № 1;

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 47—52;

Polewoj B.P. W poszukiwaniu nowych danych o Diariusz Adama Kamieńskiego-Dłużyka // Lud. 1994. T. 77.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.