Артыкулы: Камісія паліцыі Вялікага Княства Літоўскага
Камісія паліцыі Вялікага Княства Літоўскага, цэнтральны калегіяльны орган улады ВКЛ па падтрымцы грамадскай бяспекi i парадку. Створаны Гарадзенскім соймам 1793 адначасова з Кароннай камісіяй паліцыі замест Камісіі паліцыі абодвух народаў. У склад камісіі павінен быў уваходзіць 1 сенатар і 5 прадстаўнікоў ад шляхты, выбраных на сойме; яе пасяджэнні мусілі адбывацца пад старшынствам вял. або надворнага маршалка ВКЛ. У камісію былі выбраны М.Радзівіл (кашталян віленскі), В.Гарэцкі (войскі віленскі), С.Валовіч (падкаморы рэчыцкі), С.Корсак, М.Мараўскі, А.Казакоўскі. Вял. маршалак ВКЛ Л.Тышкевіч мала ўдзельнічаў у працы камісіі, на яе пасяджэннях звычайна старшынстваваў Валовіч. Была падсправаздачная сойму, падначалена Дэпартаменту паліцыі Пастаяннай Рады. Камісіі падпарадкоўваліся мясц. камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя. У задачы камісіі ўваходзіў нагляд над дзейнасцю мясц. адміністрацыі (было фактычна скасавана самакіраванне гарадоў), справы «бяспекі, спакою і публічнай выгоды», цэнзура, нагляд над шпіталямі, барацьба з бадзяжніцтвам. У апарат камісіі ўваходзілі пісар, судовы і эканамічны рэгенты, генеральны сакратар, пленіпатэнт, архівіст, касір, геаметр. Камісія пачала працу ў Гародні 28.12.1793. Займалася арганізацыяй новых гар. магістратаў, упарадкаваннем асвятлення і гандлю ў Вільні, рэгуляваннем цэн, шпітальнай справай і інш. Дзейнічала да пачатку паўстання 1794, да якога далучыліся амаль усе яе члены.
Літаратура:
Zahorski A. Centralne instytucje policyjne w Polsce w dobie rozbiorów. Warszawa, 1959.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


