Артыкулы: Камянец

Камянец (цяпер Камянец-Падольскі, укр. Кам’янець-Подільський, цяпер горад, цэнтр Камянец-Падольскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна), горад у Падоллі, на р. Смотрыч. Паводле археалагічных дадзеных, узнік у канцы 12—пач. 13 ст. Упамінаецца з 1196. Уваходзіў у Галіцка-Валынскае княства, пасля пад кантролем мангола-татараў. Пасля перамогі вял. князя літоўскага Альгерда ў бітве каля Сініх Вод 1362 тэрыторыя Падолля з К. увайшла ў склад ВКЛ. З 1370-х г. К. стаў гал. горадам Падолля, сталіцай князёў Карыятаваічаў. У 1374 Юрый і Аляксандр Карыятавічы надалі К. прывілей на самакіраванне. Карыятавічы значна ўмацавалі горад (гл. Камянец-Падольскі замак). У 1378 заснаваны кляштар дамініканцаў, потым — кляштар францысканцаў. Каля 1379—80 рымскі папа Урбан VI заснаваў Камянецкую рымска-каталіцкую епархію. У 1393 К. захоплены вял. князем літоўскім Вітаўтам, бо мясцовы князь Фёдар Карыятавіч адмовіўся прызнаць яго верхавенства. У 1395 польскі кароль Ягайла перадаў Падолле з К. кракаўскаму ваяводу Спытку з Мельштына, які трымаў горад да 1399. У 1399—1402 К. валодаў вял. князь Свідрыгайла, пасля горад пад кантролем польскіх уладаў. У 1411 Падолле з К. атрымаў ад Ягайлы Вітаўт. Пасля яго смерці ў 1430 палякі захапілі К. У 1432 вял. князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч канчаткова адмовіўся ад Падолля з К. на карысць Польшчы. У 1432 Ягайла пацвердзіў К. магдэбургскае права. У горадзе дзейнічалі 3 магістраты — рускі, армянскі і польскі, шматлікія цэхі (утвараліся паводле прафесійнай і нацыянальнай прыкметы). Штогод адбываліся 3 кірмашы. З 1434 К. — цэнтр ваяводства і павета. У 15—17 ст. К. быў адным з найвялікшых укр. гарадоў. У 1580-х г. у горадзе жыло больш за 6 тыс. чал., у сярэдзіне 17 ст. — 10 500 чал. У 1583 у К. дзейнічалі 18 цэхаў, што аб’ядноўвалі 591 рамесніка. У 1398 заснавана армянская царква св. Мікалая, у пач. 16 ст. пабудаваны мураваны кафедральны касцёл апосталаў Пятра і Паўла. У 1608 у горадзе з’явіліся езуіты, якія ў 1614—73 трымалі тут калегіум. У 1615 заснаваны кляштар дамініканак, у 1623 — босых кармелітаў, у 1712 — трынітарыяў. У 1672 К. захоплены Турцыяй і заставаўся пад яе ўладай да 1699. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Сецинский Е.И. Город Каменец-Подольский: Историческое описание. Киев, 1895;

Kamieniec Podolski: Studia z dziejów miasta i regionu. T. 1—2. Kraków, 2000—05;

Kiryk F. Miasto trzech nacji: Ze studiów nad dziejami późnośredniowiecznego Kamieńca Podolskiego // Roczniki Humanistyczne. Historia. 2000. Z. 2;

Пламеніцька О.А. Хрістіянські святині Кам’янця на Поділлі. Київ, 2001;

Яе ж. Сакральна архітектура Кам’янця на Поділлі. Кам’янець-Подільський, 2005;

Bania Z., Wiraszka M. Kamieniec Podolski, miasto-legenda: Zarys dziejów urbanistyki i architektury od czasów najdawniejszych do współczesności. Warszawa, 2001;

Петров М.Б. Історична топографія Кам’янця-Подільского кінця XVII—XVIIIст.: (Історіографія. Джерела). Кам’янець-Подільський, 2002.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.