Артыкулы: Канеўскае паўстанне 1536

Канеўскае паўстанне 1536, выступленне мяшчан і казакоў г. Канеў супраць павіннасцей, накладзеных чаркаскім і канеўскім старастам А.Дашковічам. Ён фактычна скасаваў самакіраванне падначаленых яму гарадоў, узяў пад свой кантроль усё іх ўнутранае жыццё, абклаў мяшчан шматлікімі падаткамі, урэзаў або скасаваў гарадскія свабоды, нават тыя, што датычылі транзітнага гандлю, продажу ваенных трафеяў і палонных. Дашковіч падпарадкаваў сваёй ўладзе частку абшчыннікаў, новых перасяленцаў, узяў пад кантроль у межах падпарадкаваных яму тэрыторый перамяшчэнне казакоў. У значнай меры дзеянні Дашковіча былі выкліканы патрэбамі барацьбы з татарскімі нападамі, неабходнасцю падтрымліваць замкі. Паўстанне пачалося пасля смерці Дашковіча пад уздзеяннем Чаркаскага паўстання 1536. Канеўцы падтрымалі чаркасцаў і таксама выгналі з горада ўраднікаў. Але пасланы з Кіева атрад хутка падавіў выступленне ў Каневе і рушыў на Чаркасы. Пацярпеўшы пад Чаркасамі паражэнне, карнікі вярнуліся ў Канеў. Уначы яны напалі на горад і пачалі рабаваць мірнае насельніцтва. Абураныя канеўскія казакі і мяшчане на чале з войтам П.Брадовічам і мешчанінам М.Зянкевічам разбілі карны атрад. Апасаючыся пашырэння руху на Падняпроўі, урад быў вымушаны абвясціць паўстанцам амністыю і прызначыць у Канеў новых ураднікаў.

Літаратура:

Яковлів А. Бунт черкасців і канівців в 1536 р. // Україна. Київ, 1907. Т. 1;

Черкас Б.В. Остафій Дашкович — черкаський і канівський староста XVI ст. // Український історичний журнал. 2002. № 1.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.