Артыкулы: канонікі рэгулярныя латэранскія
канонікі рэгулярныя латэранскія, манахі каталіцкага манаскага ордэна (Ордэн канонікаў рэгулярных святога Аўгусціна Латэранскай кангрэгацыі Найсвяцейшага Збавіцеля, лац. Ordo Canonicorum Regularium Sancti Augustini Congregatio Lateranensis Sanctissimi Salvatoris, CRL). Ордэн утварыўся ў сярэдзіне 11 ст. пры базіліцы св. Яна на Латэранскім пагорку ў Рыме. Прыбылі ў Кракаў у 1399 з Чэхіі па запрашэнні Ягайлы, які выконваў пажаданне каралевы Ядвігі. У 1405 Ягайла фундаваў іх кляштар, а біскуп Пётр Выш перадаў ім парафію і касцёл Божага Цела. Дзякуючы падтрымцы Ягайлы і Казіміра IV у Польшчы з’явілася яшчэ некалькі кляштараў. У 1-й пал. 15 ст. ўсталявалі кантакты з канонікамі рэгулярнымі ў Рыме, аднак не апелявалі да гіст. сувязі з базілікай св. Яна. У 1503 кракаўская супольнасць афіцыйна далучана да Латэранскай кангрэгацыі, аднак толькі з 1609 яе сталі вызначаць як латэранскую. У 1628 К.р.л. Польшчы пазбаўлены аўтаноміі, у 1629 афіцыйна створана Кракаўская кангрэгацыя К.р.л., зацверджаная папам Урбанам VIII у 1644. Яна аб’яднала ўсе кляштары К.р.л. Рэчы Паспалітай. У пач. 17 ст. дзякуючы кракаўскаму прэпазіту (настаяцелю) М.Клачынскаму кляштары К.р.л. з’явіліся ў гарадах і мястэчках ВКЛ: Крамяніцы (1617, фундатар — кашталян віцебскі М.З.Вольскі), Старым Быхаве (1618, фундатар — гетман Я.К.Хадкевіч, існаваў касцёл св. Казіміра), Вільні (1625, фундатар — біскуп А.Валовіч, размясціліся пры касцёле Пятра і Паўла), Слоніме (1650, фундатар — падкаморы ВКЛ К.Л.Сапега). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) быхаўскія канонікі збудавалі новы касцёл св. Антонія і Казіміра ў Азяранах (Рэчыцкі пав.). Рэзідэнцыю К.р.л. заснаваў у Журавічах Рэчыцкага пав. К.Юдыцкі. Мелі значныя школы ў Азяранах, Відзах і Слоніме. У 1796—1864 існавала асобная правінцыя К.р.л. з цэнтрам у Вільні.
Літаратура:
Kanonicy regularni laterańscy w Polsce: Studia z dziejów kongregacji krakowskiej XV—XIX wieku. Kraków, 1975;
Pietrzkiewicz I. Księgozbiory konwentów i szkół kanoników regularnych laterańskich na ziemiach Wielkiego Księstwa Litewskiego // Nasza przeszłość. 1999. T. 92;
Łatak K. Kongregacja krakowska kanoników regularnych laterańskich na przestrzeni dziejów. Kraków, 2002.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


