Артыкулы: Канстанцыя Габсбург
Канстанцыя Габсбург (24.12.1588, г. Грац—10.7.1631), каралева польская і шведская, вялікая княгіня літоўская, жонка Жыгімонта ІІІ Вазы. Дачка эрцгерцага Карла Штырыйскага (брат імператара Максіміляна ІІ), унучка імператара Фердынанда І і Ганны Ягелонкі. Была сястрой імператара Фердынанда ІІ, эрцгерцага Леапольда V, Ганны Габсбург — 1-й жонкі Жыгімонта ІІІ. Шлюб паміж К. і Жыгімонтам ІІІ адбыўся праз 8 гадоў пасля смерці Ганны Габсбург, 11.12.1605 (чакалі, пакуль К. стане паўналетняй). К. набыла вял. ўплыў на палітыку караля, выступала за ўмацаванне каралеўскай улады ў дзяржаве. Пільнавала інтарэсы Габсбургаў у Рэчы Паспалітай. Імкнулася да ўмацаванняў пазіцый каталіцтва, вяла барацьбу супраць пратэстантаў (прычынілася да смяротнага пакарання ў Вільні італьянца Пятра Франка). Аказвала ўплыў на раздачу дзярж. і царкоўных пасад, імкнулася выдаць замуж за магнатаў сваіх прыдворных дам. У час Маскоўскага паходу Жыгімонта ІІІ 1609—10 жыла ў Вільні, удзельнічала ў адбудове горада пасля пажару 1610. Была заўзятай каталічкай, прычынілася да пакарання смерцю ў 1611 у Вільні Франкуса дэ Франка, які адкрыта выступіў супраць каталіцкіх догматаў. Займалася мецэнацтвам. У шлюбе з Жыгімонтам ІІІ мела сына Яна Казіміра (у 1648—68 кароль польскі і вял. князь літоўскі Ян ІІ Казімір), яшчэ 4 сыноў (іншы Ян Казімір, Ян Ольбрахт, Кароль Фердынанд, Аляксандр Кароль), дачок Ганну Канстанцыю і Ганну Кацярыну Канстанцыю. Смерць К. прыспешыла смерць Жыгімонта ІІІ, яны былі пахаваны адначасова ў сутарэнняў Жыгімонтаўскай капліцы Вавеля ў Кракаве.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


