Артыкулы: канфедэрацкі суд
канфедэрацкі суд — суд у Рэчы Паспалiтай у 17—18 ст., якi ствараўся канфедэрацыямi замест дзяржаўных судоў як сродак у барацьбе з палiтычнымі працiўнiкамi.
К.с. былi створаны Таргавiцкай канфедэрацыяй, якая сваiм актам 27.4.1792 (апублiкаваны 14.5.1792) загадала спынiць дзейнасць ранейшых судоў. У процiвагу гэтаму Чатырохгадовы сойм 31.5.1792 пастанавiў, што на землях, не занятых войскамi iнш. дзяржаў, працягваюць сваю дзейнасць дзярж. суды. На Беларусi К.с. дзейнiчалi ў Браславе, Вiцебску, Ваўкавыску, Лiдзе, Менску, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слонiме, Слуцку i iнш. Паводле акта 27.4.1792 К.с. павiнны былi разглядаць справы аб крымiнальных злачынствах супраць дзяржавы i дзеяннях асоб супраць канфедэрацыi; справы аб спадчыне, зямельных межах i даўгах гэтым судам не падлягалi. Унiверсалам ад 27.9.1792 Генеральная канфедэрацыя дала К.с. права разглядаць справы аб даўгах, зборы дзярж. чыншу, а таксама справы, якiя раней падлягалi камiсiям парадкавым цывiльна-вайсковым. Суддзi (консулы) выбiралiся канфедэратамi, старшынёй суда быў маршалак канфедэрацыi ў адпаведным павеце. К.с. прымалi да разгляду справы ў тым выпадку, калi хоць бы адным з бакоў выступаў шляхцiц. Працэдура работы суда была аналагiчная працэдуры земскага суда. Прыгаворы (выракi) прымалiся тайным галасаваннем. Апеляцыi маглі падавацца ў суд Генеральнай канфедэрацыі. К.с. меў права ажыццяўляць прыгавор з дапамогай войска. Скасаваны разам з Генеральнай канфедэрацыяй Гарадзенскiм соймам 15.9.1793.
Падрабязнасці:
Sobczak J. Sąd konfederacji targowickiej województw wielkopolskich 1792—1793 r. // Studia i materiały do dziejów Wielkopolski i Pomorza. 1979. T. 13, z. 1.
Abramski A. Sądownictwo podczas konfederacji w Polsсe, 1672—1793. Katowice, 1986.
Аніпяркоў В.В. Матэрыялы канфедэрацкіх судоў 1792—1793 гг. у фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі: гісторыя фарміравання, склад, перспектывы вывучэння // Гістарыяграфія і крыніцы вывучэння гісторыі Беларусі: традыцыі і навацыі. Зборнік навуковых артыкулаў. Мінск: Беларуская навука, 2018. С. 188—194.
© Валерый Пазднякоў, 2006+
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


