Артыкулы: капітул
капітул, капітула (позналац. capitulum), 1) кафедральны К. — рада пры біскупе па кіраванні епархіяй і кафедральным касцёлам. Быў калегіяльным органам, які складаўся з прэлатаў і канонікаў. Без згоды К. біскуп не мог ажыццяўляць некаторыя дзеянні, што было зацверджана ў царк. праве. Ажыццяўляў кіраванне дыяцэзіяй пасля смерці біскупа (выбіраў генеральнага вікарыя), пакуль не быў прызначаны новы. Члены К. праводзілі літургію ў кафедральным касцёле. Колькасны склад К. адрозніваўся ў розных дыяцэзіях. У Польшчы аформіўся як царкоўны інстытут у 13 ст. На ўзор польскіх ствараліся К. ў ВКЛ. З іх найб. разгалінаваным быў К. Віленскага біскупства. Утвораны разам з дыяцэзіяй 13.3.1388. Першапачаткова складаўся з 2 прэлатаў — прэпазіта (пробашч, прыходскі святар) і дэкана (меў права прызначаць святароў у кафедральны касцёл) і 10 канонікаў. Пасля ўведзены новыя пасады прэлатаў: у канцы 14 ст. — кусташ (хавальнік архіва), у 1435 — архідыякан (інспектаваў парафіі), у 1523 — схаластык (кіраўнік школы) і кантар (літургічны спявак, кіраўнік хору). Устанавілася іерархія прэлатаў (ад вышэйшага): прэпазіт, дэкан, архідыякан, кусташ, схаластык, кантар. Колькасць канонікаў да пач. 16 ст. дасягнула 12. Канцлер (кіраўнік канцылярыі) біскупства лічыўся 13-м пазаштатным канонікам без права пераходу на прэлатуру, з 1742 ён член К. Прэлаты і канонікі атрымлівалі даходы з пэўнай долі царк. зямельных уладанняў. Члены К. мелі намеснікаў — кафедральных вікарыяў. З канца 14 ст. К. мела права суда ў справах, звязаных з касцельнай маёмасцю, пасля паўнамоцтвы пашыраны. Пры К. існаваў пісар (натарыус) для вядзення справаводства. Пракуратар К. (ім звычайна быў адзін з канонікаў) ведаў нерухомай і рухомай маёмасцю К. Ва уніяцкай царкве таксама існавалі К. (крыласы) пры епіскапах, у склад якіх уваходзілі архіпрэсвітэр, архідыякан, скевафілакс, схаларх, хартафілакс. 2) Калегіяцкі К. — калегія святароў (канонікаў) пры найб. значных некафедральных касцёлах (калегіятах). У 1772 на тэр. Віленскага біскупства існавала 11 такіх К. 3) Ордэнскі К. — калегіяльны орган улады ў каталіцкіх манаскіх ордэнах.
Літаратура:
Zachorowski S. Rozwój i ustrój kapituł polskich w wiekach średnich. Kraków, 1912;
Лавринович А. Кафедральная капитула виленской епархии в 1388—1796 гг. // Восточная Европа: концерт культур. СПб., 2004.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


