Артыкулы: капліца

капліца (ад лац. capella), невялікае культавае збудаванне ў каталіцкай царкве, звычайна з алтаром. Можа стаяць асобна ці быць далучана да інш. будынка, або асобнае памяшканне (араторыум) у будынку. Прызначалася для літургічнай і прыватнай малітвы, выканання некат. літургічных функцый для невял. груп вернікаў. Вылучаюць К. касцельныя, кляштарныя, могілкавыя, пахавальныя (маўзалеі), кальварыйскія, замкавыя, палацавыя, шпітальныя, школьныя і інш. Найчасцей К. мелі 1 памяшканне з алтаром насупраць увахода і невял. сенцамі. Вял. К. маглі мець 2 паверхі, складаную форму плана. У раманскай архітэктуры пашыраны круглыя К.-ратонды. Для архітэктуры Рэнесансу і барока характэрны асобныя ці прыбудаваныя да касцёлаў К.-маўзалеі з купалам (Жыгімонтава К. на Вавелі ў Кракаве, К. святога Казіміра ў Віленскім кафедральным касцёле). У эпоху барока пашырыўся тып касцёла з некалькімі К., што мелі перпендыкулярныя да цэнтр. нефа восі і былі злучаны паміж сабой пераходамі (касцёл Божага Цела ў Нясвіжы). Абрысы замкавых і палацавых К. вызначаліся агульнай архітэктурай комплексу (К. ў Нясвіжскім замку Радзівілаў, Новым замку ў Гародні). Пахавальныя К. маглі мець склеп (крыпту) для труны. У дачыненні да уніяцкіх невял. культавых збудаванняў тэрмін «К.» пачаў выкарыстоўвацца з 18 ст., у інш. хрысціянскіх канфесіях ВКЛ не ўжываўся. Асобную групу складалі прыдарожныя каплічкі — невял. культавыя збудаванні, узведзеныя найчасцей як вота, падзяка або з абрадавымі мэтамі. Уяўляюць сабой асобны мураваны ці драўляны домік, вежачку з нішамі або ўпрыгожаную скрынку, падвешаную на дрэве; звычайна маюць скульптуры і разное афармленне.

Літаратура:

Рюмин В. Статуи римско-католических святых, каплицы и тому подобные памятники в Западной России // Вестник Западной России. 1868. Кн. 8, т. 3;

Квитницкая Е.Д. Каплицы Белоруссии // Архитектурное наследство. М., 1980. Вып. 28;

Jankevičienė A. Lietuvos medinių koplyčių architektūa // Menotyra. 1998. № 2;

Сергачев С. Каплица — тип культового сооружения Беларуси // Каштоўнасці мінуўшчыны. Мн., 2000. Вып. 3.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.