Артыкулы: капуцыны
капуцыны, манахі каталіцкага жабрацкага манаскага ордэна (Ордэн меншых братоў капуцынаў, лац. Ordo Fratrum Minorum Capuccinorum, OFMCap). Заснаваны ў 1525 францысканцам Матэо Серафіні з Баскіо, які шляхам рэфармавання імкнуўся наблізіць ордэн францысканцаў да першапачатковага аскетызму. Прыдумаў габіт адметнага крою бурага колеру з апушчаным капюшонам (італьян. cappucio, адсюль і назва). У 1526 ордэн зацверджаны папам Кліментам VII, у 1529 прыняты статут. У 1627 К. з’явіліся ў Польшчы. У 1754 створана Польская правінцыя ордэна пад патранатам св. Войцеха і Станіслава. У ВКЛ першы К. (Валерыян Магні) прыбыў у 1636 у cвіце Уладзіслава IV. Тут кляштары К. узніклі ў Любяшове (1756, фундатар — Ян Антоній Чарнецкі) і Юравічах (у 1781 К. занялі мясц. касцёл і калегіум езуітаў, але не здолелі працягнуць іх працу і ў 1788 з’ехалі). У 1760 харужы вількамірскі Ян Зыгмунт Даўнаровіч вылучыў пляц пад будоўлю кляштара К. у Вільні, але з-за варожага стаўлення да іх з боку інш. ордэнаў фундацыя не адбылася. Праводзілі місіянерскую дзейнасць сярод іншаверцаў. Існуе жаночая галіна ордэна.
Літаратура:
Obertyński Z. Litewskie plany polskich kapucynów // Ateneum Wileńskie. 1939. R. 14, z. 1;
Dydycz A.P. Kapucyni na Litwie: Dzieje zakonu braci mniejszych kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


