Артыкулы: кармеліты абутыя
кармеліты абутыя, манахі каталіцкага жабрацкага ордэна Найсвяцейшай Дзевы Марыі з гары Кармель (лац. Ordo fratrum Beatissimae Mariae Virginis de Monte Carmelo, ОС, OCarm.). Заснаваны ў сярэдзіне 12 ст. ў Палесціне ў час крыжовых паходаў. Першыя пустэльні (скіты) кармелітаў узніклі ў горным масіве Кармель (адсюль і назва). Кананічны арганізатар кармелітаў — крыжак Бертольд з Калабрыі, па просьбе якога іерусалімскі патрыярх Альберт у 1209 распрацаваў статут ордэна (зацверджаны папам Ганорыем ІІІ у 1226). Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, у паслушэнстве, беднасці, чысціні, маўчанні, шчырым посце. З сярэдзіны 13 ст. кляштары К.а. узнікалі ў Еўропе, у канцы 13 ст. К.а. пакінулі Палесціну. У 1247 папа Інакенцій IV прызнаў кармелітаў жабрацкім ордэнам. Кармеліты вял. намаганні прыклалі да развіцця марыйнага культу. Патранальнае свята Маці Божай Шкаплернай — 16 ліп., у 1587 зацверджана для ордэна, у 1726 — для ўсёй каталіцкай царквы. Пасля вылучэння кармелітаў босых манахаў, якія захавалі стары статут, пачалі называць К.а. У 1397 пражскія кармеліты былі запрошаны Ягайлам і Ядвігай у Кракаў. У ВКЛ першы касцёл кармелітаў пад назвай Найсвяцейшай Дзевы Марыі Снежнай і св. Юрыя (Георгія) у Вільні заснаваны канцлерам ВКЛ М.Радзівілам у гонар перамогі ў Клецкай бітве 1506. Кляштары ўзніклі ў Мсціславе (каля 1620, фундатар стараста мсціслаўскі Крыштоф Сапега), Бялынічах ( фундатар ваявода віленскі Л.Сапега), Вільні ( абодва1624, фундатар каралеўскі сакратар Войцех Хлудзінскі), Княжыцах (1632, фундатар Ганна Сапега), Магілёве (1633, фундатар кароль Уладзіслаў IV), Лінкаве ў Жамойці (1634, фундатар біскуп Ежы Тышкевіч), Уладзіслававе (1642, фундатар біскуп Тышкевіч), Бельску (1-я пал. 17 ст., фундатар кашталян сандамірскі Адам Казаноўскі), Чавусах (2-я пал. 17 ст., фундатар падстараста магілёўскі Мікалай Падбіпята), Ішчалне (1670), Лідзе (1674), Пампянах (1675), Халопенічах (1676), Крупчыцах (1676, фундатар Андрэй Асоўскі), Жалудку (1682), Калесніках (1703, фундатар Канстанцін Ян Кунцэвіч), Менску (1704, фундатар стольнік менскі Антоні Тэадор Ваньковіч), Засвіры (1714, фундатары Крыштоф і Ядвіга Зяновічы), Радамлі (1717, фундатары Міхал Сухадольскі і Кароль Мадалінскі), Расіенах (1720, фундатар — лоўчы жамойцкі Якуб Ежы Довят), Хвалойнях каля Крожаў (1738), Стайках (1759) і інш. Вял. колькасць кляштараў К.а. прывяла да стварэння ў 1687 Малапольска-Літоўскай правінцыі (Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі) з цэнтрам у Кракаве, якая ахапіла 15 кляштараў, і Рускай (св. Іосіфа) правінцыі ордэна, куды ўвайшлі 17 кляштараў. У 1756 з Рускай правінцыі вылучана Літоўская (Беларуская) правінцыя пад патранатам св. Георгія. У 1766 створана новая Літоўская правінцыя (Усіх Святых) з цэнтрам у Вільні, якая ахапіла 15 кляштараў. Атрымалі вядомасць школы К.а. у Вільні, Радамлі, Крожах і Хвалойнях і інш. Існуе жаночая галіна ордэна, кляштары кармелітак дзейнічалі ў Львове, Дубне і інш.
Літаратура:
Wołyniak [Giżycki J.M.]. Z przeszłości karmelitów na Litwie i Rusi. T. 1—2. Kraków, 1918;
Дзярновіч А. Ордэн Шчаснай Панны Марыі з гары Кармэль // Наша ніва. 1992. № 8;
Zieliński J. Obrazy maryjne z kresów wschodnich w karmelitańskich kościołach. Kraków, 1997;
Яцкевіч З. Звесткі па гісторыі кармеліцкіх кляштараў Беларусі ў матэрыялах Кракаўскага архіва // Вяртанне. Мн., 1999. Вып. 6.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


