Артыкулы: Карповіч Мiхал Францiшак
Карповіч Мiхал Францiшак (4.10.1744, мяст. Камянец Берасцейскага ваяв.—5.11.1803), асветнік, прамоўца, педагог. У 1757—61 вучыўся у Берасцейскім езуіцкiм калегiуме. У 1761 уступіў у манаскі ордэн місіянераў. З 1767 выкладаў фiласофiю ў Варшаўскай семiнарыi, з 1771 — тэалогію ў Кракаве, у 1772—74 — тэалогію i царк. гiсторыю ў Віленскай семiнарыi. У 1774 пакінуў ордэн, а ў 1775 дзякуючы падтрымцы віленскага біскупа І.Масальскага стаўпробашчам у Гражышках на Сувальшчыне. Набыў шырокую вядомасць сваімі казаннямі, асабліва перад адкрыццём Трыбунала ВКЛ у Гародні (1775—84), на імяніны ўплывовых асоб, з нагоды юбілейнага года. Адзiн з першых на Беларусi ў духу Асветніцтва і з пазіцый фізіякратызму пачаў крытыку прыгону i жорсткага абыходжання паноў з сялянамi, прапаноўваў іх перавод на чынш, увядзенне парафіяльных школ. Погляды К. сустрэлі падтрымку рэфарматараў і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. К. атрымаў пасады архідыякана смаленскага (1776), пробашча прэнскага (1778), каноніка пазнанскага (1783), медаль «Заслужаным» (1778). З 1783 праф. дагматычнай тэалогii ў Гал. школе ВКЛ у Вiльнi. Быў прыхiльнiкам Канстытуцыi 3 мая 1791. У час паўстання 1794 увайшоў у паўстанцкi ўрад — Найвышэйшую літоўскую раду, пасля — у Найвышэйшую нацыянальную раду (намеснік радцы ў аддзеле інструкцыі). Пасля падаўлення паўстання жыў у Варшаве, быў звольнены з прафесарскай пасады. У 1797 прускімі ўладамі прызначаны біскупам віграўскім. У Віграх заснаваў духоўную семінарыю. У Гражышках сабраў багатую бiблiятэку.
Творы:
Kazania w różnych okolicznościach miane. T. 1—3. Kraków, 1806;
Kazania i inne dzieła. T. 1—3. Warszawa, 1807—08;
Kazania. T. 1—8. Warszawa, 1808—14.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


