Артыкулы: Карпы
Карпы, шляхецкі род уласнага герба (тры 6-прамянёвыя залатыя зоркі ў блакітным полі). Паводле легенды, паходзілі ад італьянскага рода Карпіо. Першы вядомы прадстаўнік роду — гаспадарскі дваранін Карп Есіпавіч, якому ў 1522 вял. князь Жыгімонт Стары даў Ятвезскае і Забельскае войтаўствы; валодаў маёнткамі ў Троцкім пав. Ад яго ўнукаў Юзафа і Мікалая пайшлі 2 лініі К.: старэйшая (родавае гняздо — Бярозавае, мелі маёнткі ў Падляшскім і Новагародскім ваяв.; згасла ў 17 ст.) і малодшая (родавае гняздо — Рыкіёў, мелі маёнткі ў Троцкім ваяв. і Жамойці). Са старэйшай лініі паходзілі ваўкавыскія маршалкі бацька і сын Юзаф (?—пасля 1637) і Стафан. Найб. вядомыя:
Юзаф Міхал (Іазафат Міхал; каля 1679—10.12.1739), сын Стафана Казіміра. Падстолі смаленскі ў 1703—20, сакратар канцлера ВКЛ К.С.Радзівіла ў 1706—09. У Паўночную вайну 1700—21 перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага і ў 1707 быў вымушаны пакінуць ВКЛ. Сакратар Ляшчынскага ў 1708—11, пры ім быў фактычна канцлерам, замяшчаў адсутнага Радзівіла. У 1714 удзельнічаў у пасольстве да Пятра І, мэтай якога было атрымаць падтрымку цара ў дэтранізацыі Аўгуста ІІ. З 1719 святар, віленскі канонік (1720), кусташ (1722), пробашч троцкі, прэпазіт гарадзенскі (1735). У 1724—36 вял. духоўны сакратар ВКЛ. Выступаў супраць абсалютысцкіх планаў Аўгуста ІІ. У час бескаралеўя 1733 падтрымліваў кандыдатуру на трон Станіслава Ляшчынскага. З 1736 біскуп жамойцкі. Валодаў мяст. Бездзеж у Пінскім пав., маёнткамі ў Жамойці.
Ян Зыгмунт (каля 1680—каля 1740), сын Уладзіслава. У час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў у Жамойці і Курляндыі, з 1710 палкоўнік, з 1720 генеральны крыгскамісар (гал. кватэрмайстар) войска ВКЛ.
Бенядзікт (1734—12.6.1805), сын Якуба Ігнація. Харужы упіцкі з 1765. Належаў да групоўкі Чартарыйскіх. У 1764 удзельнічаў у абранні на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай Літоўскай рады, потым прызначаны Т.Касцюшкам у Цэнтральную дэпутацыю Вялікага княства Літоўскага (чл. аддзела парадку). Зрабіў вял. ахвяраванні на мэты паўстання. Пасля падзення Вільні пераехаў у Коўна, далейшы лёс невядомы.
Маўрыцый Францішак (1749—22.10.1817), сын Юзафа. Вучыўся ў Кракаве, падарожнічаў па Англіі, Францыі і Італіі. Стаў вял. прыхільнікам Ж.Ж.Русо і пераклаў на польскую мову яго твор «Заўвагі пра польскі лад» (Варшава. 1789). Свае погляды выкладаў у друкаваных паасобку ананімных лістах і брашурах, дзе крытыкаваў шляхту за бяздзейнасць і сваркі, выступаў за наданне сялянам права набываць зямлю, апеку над сялянамі з боку судоў, выказваўся за ўвядзенне парафіяльных шляхецкіх соймікаў, якія б выбіралі дэпутатаў на павятовыя соймікі. Аднак не давяраў мяшчанству і лічыў неабходным аддзяленне гарадоў ад працэсу заканадаўства. З 1790 пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—90, дзе прапагандаваў свае погляды, выступаў за захаванне выбарчых правоў немаёмнай шляхты і вайскоўцаў і супраць надання такіх правоў мяшчанам. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай Літ. рады, пасля ў Цэнтр. дэпутацыі ВКЛ (чл. аддзела нац. паўстання). З 1797 чл. Адукацыйнай камісіі ў Вільні. Пісаў вершы, працы па гісторыі стараж.-рымскай і сусветнай гісторыі, філасофскія трактаты, аповесці.
Літаратура:
Meysztowicz A. Karpowie herbu własnego. Wilno, 1907.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


