Артыкулы: Каруская бітва 1270
Каруская бітва 1270. Адбылася 16 лют. паміж войскамі ВКЛ і Лівоніі каля в. Карусе (на З Эстоніі) і на лёдзе праліва Муху ў Балтыйскім моры, калі літ. войска вярталася з нападу на востраў Саарэма. Яму заступіла шлях лівонскае войска, у склад якога ўваходзілі сілы Лівонскага ордэна, дорпацкага і леальскага біскупаў, мясцовае сял. апалчэнне (агульны камандзір — магістр Лівонскага ордэна Атон фон Лютэнберг), сілы дацкага каралеўскага намесніка ў Таліне Зіферыты. Лівонскія рыцары ў цэнтры клінам урэзаліся ва ўмацаваны санямі строй літоўцаў. Дацкае войска на правым флангу і біскупскае на левым адсталі. Гэта дазволіла літоўцам разбіць асн. сілы праціўніка. Калі падышлі сілы біскупаў, бітва аднавілася, але іх войскі таксама былі разбіты. Літоўцы збераглі здабычу, але страцілі каля 1600 чал. У бітве загінулі магістр Лівонскага ордэна, 52 рыцары, 600 радавых воінаў-немцаў, вял. колькасць апалчэнцаў. К.б. лічыцца 3-й па значнасці перамогай войска ВКЛ, атрыманай у 13 ст. над ням. рыцарамі (пасля Саўлескай бітвы 1236 і бітвы на Дурбе 1260).
Літаратура:
Varakauskas R. Ledo mūšis ties Karūzu 1270 m.: (Iš lietuvių kovų prieš Livonijos ordiną XIII a.) // Lietuvos TSR aukštųjų mokyklų mokslo darbai. Istorija. Vilnius, 1962. Т. 3.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


