Артыкулы: Карыятавічы

Карыятавічы, сыны новагародскага князя Карыята, князі ў Падольскай зямлі. Паводле бел.-літоўскіх летапісаў, братоў К. Юрыя, Аляксандра і Канстанціна вял. князь Альгерд у 1362 узяў у паход супраць татараў. У выніку бітвы каля Сініх Вод да ВКЛ была далучана Падольская зямля, дзе К. былі пасаджаны намеснікамі, «пачалі бараніць Падольскую зямлю ад татараў» і збудавалі гарады Сматрыч, Бакота, Камянец-Падольскі. З інш. крыніц вядомы яшчэ некалькі К. Відаць, першыя ўладанні на Падоллі К. атрымалі ад князя Любарта, які вёў барацьбу за Падолле з польскім каралём Казімірам ІІІ пасля смерці апошняга падольскага князя Баляслава (Юрыя) Трайдзенавіча.

Юрый (?—1374 або 1375) у 1352 на баку Любарта ваяваў супраць Казіміра ІІІ. Разам з інш. князямі падпісаў з Казімірам ІІІ дагавор 1366. Гаспадар Падольскай зямлі. У 1374? запрошаны на пасад гаспадара Малдовы, дзе забіты.

Аляксандр (?—пач. 1382?) у 1365 удзельнічаў у паходзе Кейстута і Альгерда на Шаўліскую зямлю. Удзельнічаў у заключэнні дагавора 1366 з Казімірам ІІІ. У гэтым годзе Казімір, калі захапіў Уладзімірскую зямлю ў Любарта, аддаў яе ў кіраванне Аляксандру. Пасля смерці Казіміра (1370) страціў Уладзімірскую зямлю, якая вярнулася да Любарта. Пасля брата Юрыя гаспадар Падольскай зямлі. Загінуў у бітве з татарамі.

Барыс (?—паміж 1386 і 1388), суправіцель брата Аляксандра на Падоллі, пасля гаспадар Падольскай зямлі.

Канстанцін (?—да 20.6.1391) княжыў на Падоллі, відаць, ужо з пач. 1380-х г., спачатку разам з братам Барысам, пасля адзінаўладны гаспадар Падольскай зямлі.

Фёдар (?—да 9.11.1416). Захаваў за сабой дробны ўдзел у Новагародскай зямлі. У 1360—70-х г. жыў у Венгрыі, дзе атрымаў ад караля Людвіка г. Мукачава, заснаваў там манастыр. У 1388 суправіцель брата Канстанціна на Падоллі. Прынамсі, з 1391 гаспадар Падольскай зямлі. Магчыма, яго суправіцелем быў брат Васіль. Адразу прынёс прысягу вернасці польскаму каралю Уладзіславу ІІ (Ягайлу) і Кароне Польскай. У пач. 1390-х г. уступіў у востры канфлікт з вял. князем Вітаўтам, вынікам чаго стаў у 1393 паход апошняга на Падолле. Фёдар быў захоплены ў палон, але ўцёк у Венгрыю, дзе зноў атрымаў Мукачава. Беспаспяхова спрабаваў авалодаць Падоллем у 1402. Магчыма, яго сынам быў князь Жадавіт (Іван Фёдаравіч).

Васіль княжыў у Божаску (Бужску), у 1403 прысягнуў Уладзіславу ІІ (Ягайлу) і Кароне Польскай.

З іншых К. Дзмітрый у 1356 ажаніўся з Любоўю, дачкой вял. князя маскоўскага Івана Іванавіча; Леў, Глеб і Сямён загінулі ў бітве на Ворскле 1399.

Літаратура:

Stadnicki K. Synowie Gedymina wielko-władcy Litwy: Monwid—Narymunt—Jewnuta—Koriat. Lwów, 1881. S. 143—181;

Puzyna J. Korjat i Korjatowicze oraz sprawa podolska // Ateneum Wileńskie. 1936. R. 11;

Груша А. Невядомая грамата Фёдара Карыятавіча за 1391 г. // Бел. гіст. агляд. 2001. Сш. 1—2.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.