Артыкулы: Карэцкія

Карэцкія, княжацкі род герба «Пагоня». Паходзілі ад князя Патрыкея Нарымонтавіча, унука Гедзіміна. Прозвішча ад г. Корац на Валыні. Найб. вядомыя:

Аляксандр Патрыкеевіч, сын Патрыкея Нарымонтавіча. Спачатку валодаў г. Старадуб. У 1400 выдаў дачку Агрыпіну замуж за Андрэя, сына маскоўскага вял. князя Дзмітрыя Данскога. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1406—08 па падазрэнні ў здрадзе зняволены Вітаўтам (1406). Пасля атрымаў свабоду і ўзамен за Старадуб Корац. Яго сын Сямён з’ехаў у Маскву, дзе яго род і згас.

Васіль Аляксандравіч, сын Аляксандра Патрыкеевіча. У 1443 вял. князь Свідрыгайла загадаў баярам і зямянам у ваколіцах Кораца служыць Васілю Аляксандравічу, як яны служылі яго бацьку Аляксандру Патрыкеевічу. Меў сыноў Богуша і Івана.

Іван Васілевіч (?—да 1502), сын Васіля Аляксандравіча. Намеснік краснасельскі ў 1492. Меў сыноў Фёдара, Івана, Васіля, Льва і Аляксандра (апошнія 3 загінулі ў бітве з татарамі пад Сокалем у 1519).

Фёдар Іванавіч (?—да 1522), сын Івана Васілевіча. У 1508 атрымаў ад вял. князя маёнтак Сушчаны, у 1512 — Таргавіцу ў Луцкім пав. (разам з братам Іванам). Меў некалькі сыноў, якія памерлі маладымі.

Богуш Фёдаравіч (?—19.8.1576), сын Фёдара Іванавіча. Стараста звянігарадскі і жытомірскі ў 1539—60, брацлаўскі і вінніцкі з 1550, адначасова луцкі з 1560 і ваявода валынскі з 1572. Шмат разоў бараніў Валынь ад татарскіх нападаў. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Валодаў паўн.-ўсх. часткай Валыні, маёнткамі ў Брацлаўскім і Кіеўскім ваяв. У 1562 атрымаў прывілей на залажэнне мястэчка ў Таргавіцы. У 1569 падпісаў акт далучэння Валыні да Кароны Польскай. Заснаваў 3 правасл. манастыры. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Самуэль (?—27.6.1622), сын Іахіма Богушавіча. У 1604 паступіў у Лейдэнскі ун-т. Служыў у войску пад камандаваннем гетмана С.Жалкеўскага. Шмат разоў адбіваў татарскія напады. У 1610—12 удзельнічаў у паходзе на Маскву, абароне Крамля. Шлюб з дачкой малдаўскага гаспадара Іерамея Магілы Кацярынай уцягнуў яго ў дынастычную барацьбу ў Малдове і Валахіі. У 16161 трапіў у турэцкі палон, там прыняў каталіцтва, у 1617 уцёк. У бітве пад Цацорай 1620 зноў трапіў у турэцкую няволю і быў задушаны ў Стамбуле. Карыстаўся вял. павагай ў казакоў і шляхты. Стаў героем укр. дум.

Кароль (Ян Кароль; ?—4.5.1633), сын Іахіма Богушавіча. У 1604 паступіў у Лейдэнскі ун-т. З 1608 на ваеннай службе ў Галандыі. 5 гадоў правёў у палоне ў Швецыі (прыняў там уніяцтва), вярнуўся ў 1613. Стараста вінніцкі з 1622, кашталян валынскі з 1623.

Самуэль Кароль (1621—12.2.1651), сын Караля. Вучыўся ў Грацы і Падуі. З 1648 удзельнічаў у барацьбе з паўстаннем Б.Хмяльніцкага. З яго смерцю род К. згас.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.