Артыкулы: Касакоўскія

Касакоўскія, Корвіны-Касакоўскія, шляхецкі род гербаў «Слепаўрон» і «Корвін». Вядомы з 15 ст. Родавае гняздо — в. Касакі каля Цеханоўца ў Нурскай зямлі. Пасля пасяліліся ў Ломжынскай і Візнаўскай землях, на Валыні. У 16 ст. род К. быў ужо моцна разгалінаваны. Нікадзім Францыск К. (каля 1556—1609) трымаў некаторыя стараствы ў ВКЛ і дзякуючы шлюбам з прадстаўніцамі магнацкіх родаў ВКЛ заклаў тут трывалы падмурак роду. Прадстаўнікі некаторых ліній роду К. ужывалі графскі тытул, але афіцыйна атрымалі яго толькі ў 1781. Найб. вядомыя:

Ежы (?—каля 1726). У 1670 у Луцку ўступіў у ордэн дамініканцаў. Святар. Шмат гадоў быў місіянерам у Інфлянтах, першым прыёрам кляштара ў Посіні (1701). Генеральны прапаведнік у Нясвіжы (з 1704), Астровічах (з 1707), Дзярэчыне (з 1710), Мерачы (з 1715), у кляштары Св. Духа ў Вільні (з 1719). Аўтар малітоўніка на літ. мове «Rożancius święciansios Maryos Pannos yr saldaiausya warda Jezusa teypogi spasabos apwayksciojima kałnu kałwaryos Ziamayciu su modlitwomis yr giesmiensis anto służijąciomis» (Вільня, 1681, пасля было каля 40 выданняў).

Рэмігіян (1.10.1730, Жамойць—12.11.1780), сын Рэмігіяна. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. З 1753 езуіт, з 1763 святар. У 1765—68 выкладаў у Віленскай акадэміі, у 1768—69 і 1771—73 прапаведнік і бібліятэкар езуітаў у Гародні. Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) канонік пазнанскі, з 1774 у Парыжы замежны карэспандэнт Адукацыйнай камісіі. Садзейнічаў набыццю тут абсталявання для абсерваторыі ў Вільні.

Міхал (23.7.1733, г. Каралявец—18.1.1798), сын Дамініка. Служыў у войску. Ковенскі падстолі з 1761, пісар скарбовы ВКЛ у 1765—81, кашталян віцебскі ў 1781—87 і ваявода ў 1787—94, ваявода браслаўскі з 1794; пасол на сойм 1764. У 1766—75 чл. Скарбовай камісіі ВКЛ. У 1781 атрымаў ад аўстрыйскай імператрыцы Марыі Тэрэзіі графскі тытул. Выступаў супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Арыентаваўся на Расію, удзельнічаў у арганізацыі Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ у падтрымку Таргавіцкай канфедэрацыі.

Антоній (1735—25.9.1798), сын Дамініка. Ковенскі стражнік і падстараста ў 1759—65, пісар земскі з 1765, харужы з 1782, кашталян інфлянцкі з 1789; пасол на сойм 1780, Чатырохгадовы сойм 1788—92; дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1759, 1789. Арыентаваўся на Расію. У 1792 далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. У час паўстання 1794 арыштаваны. Валодаў маёнткамі ў Літве.

Юзаф Казімір (16.3.1738, в. Шылы Ковенскага пав.—9.5.1794), сын Дамініка. Скончыў Ковенскі езуіцкі калегіум. Ковенскі падчашы з 1758, пасля суддзя земскі; пасол на сойм 1761. З 1761 святар, пробашч у Воўпе. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, дзе атрымаў ступень д-ра філасофіі. З 1764 чл. віленскага капітула (кусташ). Прыхільна ставіўся да Барскай канфедэрацыі, для яе падтрымкі разам з братам Шыманам намагаўся стварыць Генеральную канфедэрацыю ВКЛ. Рас. ўладамі быў узяты пад дамашні арышт. З 1775 тытулярны біскуп цыненскі і пісар ВКЛ. Варагаваў з А.Тызенгаўзам, пасля яго адстаўкі перавёў шмат рамеснікаў з Гародні ў свае маёнткі. З 1781 біскуп інфлянцкі. У 1782—86 чл. Пастаяннай Рады (старшыня дэпартамента справядлівасці ў 1784—86). Удзельнічаў у працы Чатырохгадовага сойма 1788—92. У палітычнай дзейнасці арыентаваўся на Расію. Падтрымаў утварэнне Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ у падтрымку Таргавіцкайканфедэрацыі. У 1792 заняў пануючае становішча ў ВКЛ, якое намагаўся далучыць да Расіі. Для адрыву ВКЛ ад Польшчы садзейнічаў утварэнню асобных дзярж. камісій ВКЛ, якімі фактычна кіраваў. У час паўстання 1794 арыштаваны ў Варшаве і як здраднік павешаны. Аўтар камедый, дыярыуша, перакладаў.

Шыман Марцін (1741, в. Шылы Ковенскага пав.—25.4.1794), сын Дамініка. Вучыўся ў езуітаў у Коўні, ва ун-це ў Караляўцы. Падчашы ковенскі з 1763, пасол на соймы 1764 і 1766. Далучыўся да Радамскай канфедэрацыі, у 1767 быў сакратаром пасольства ад яе ў Маскву. У 1768 далучыўся да Барскай канфедэрацыі, выступаў супраць рэформ, што прапаноўваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, і ўзначаліў антырас. выступленні ў ВКЛ з тытулам генеральнага маршалка ВКЛ. У ліст. 1768 разбіты каля в. Высокая Руда каля Кальварыі і адышоў з рэшткамі свайго войска ў Прусію, пасля пераехаў у Дрэздэн. Шукаў падтрымкі ў Турцыі. Прэтэндуючы на вяршэнства ў апазіцыйным руху, вёў барацьбу супраць Генеральнасці Барскай канфедэрацыі, якая выдала загад аб яго арышце. У 1771 прыбыў у Жамойць агітаваць за новы ўздым паўстання. З сабраным войскам атрымаў некалькі перамог над урадавым і рас. войскамі, праз Менск рушыў у Падняпроўе. Развіваючы поспех, праз дзярж. граніцу ўварваўся ў Смаленскую губерню Расіі. 14.9.1771 атрымаў перамогу пад Старым Быхавам, пасля рушыў у Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв., Літву, Мазовію. У 1772 ваяваў у Польшчы. Пасля ў эміграцыі ў Аўстрыі, Францыі, Турцыі. Вярнуўся ў канцы 1775 і змяніў палітычную арыентацыю на карысць Расіі. Быў абраны паслом на сойм 1782, чл. Пастаяннай Рады ў 1786—88. У 1790 уступіў у рас. армію з чынам ген.-маёра (пасля ген.-паручнік), ваяваў з туркамі на Балканах. Варожа сустрэў Канстытуцыю 3 мая 1791 і ў Пецярбургу арганізоўваў інтэрвенцыю супраць Рэчы Паспалітай. У вайну 1792 камандаваў калонай, якая наступала з Полацка на Вільню. Удзельнічаў у стварэнні Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ у падтрымку Таргавіцкай канфедэрацыі, якая супрацьзаконна прызначыла яго польным гетманам ВКЛ. Выступаў за адасабленне ВКЛ ад Польшчы, што павінна было ўмацаваць становішча клана К. Пад пагрозай новага падзелу Рэчы Паспалітай вылучыў план далучэння ВКЛ як удзельнага княства да Расіі. У час паўстання 1794 у ноч на 24.4.1794 і паводле прыгавору паўстанцкага суда як здраднік павешаны ў Вільні.

Якуб (12.5.1752—84), сын Мацея. З 1765 езуіт. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Нясвіжы і Слуцку. Выкладаў у Нясвіжы і Менску. З 1773 супрацоўнічаў у варшаўскай газ. «Zabawy przyjemne i pożyteczne» («Прыемныя і карысныя забавы»), дзе друкаваў вершы. Падстолі ковенскі з 1781, чл. Скарбовай камісіі ВКЛ з 1782, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1782.

Ян Непамуцэн (16.5.1755, Кракаўскае ваяв.—26.8.1808), сын Антонія. Вучыўся ў піярскіх калегіумах у Пётркаве і Варшаве, у Рыме, вандраваў па Францыі і Англіі. З 1787 святар, з 1788 чл. віленскага капітула, з 1793 каад’ютар (намеснік) біскупа інфлянцкага і чл. Адукацыйнай камісіі, з 1794 тытулярны біскуп ларыменскі, з 1794 біскуп інфлянцкі. У 1795 шукаў апекі ў Пецярбургу і, відаць, прычыніўся да ўказа Кацярыны ІІ аб далучэнні Віленскага біскупства да Інфлянцкага (з сядзібай біскупа ў Вільні). Пасля аднаўлення Віленскага біскупства ў новых межах (1798) біскуп віленскі. Шмат зрабіў для развіцця адукацыі і дабрачыннасці ў краі. Аўтар казанняў, прац па гісторыі літаратуры, дыярыуша, перакладаў з французскай мовы.

Міхал (1769, в. Марцінішкі—1839), сын Антонія. Вучыўся ў езуітаў і піяраў у Вільні, у піяраў у Варшаве. Ковенскі харужы з 1789, падкаморы з 1791, пісар польны ВКЛ з 1794; дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1789. З 1790 пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Выступаў супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. У час паўстання 1794 спачатку арыштаваны паўстанцамі, але пасля ваяваў на іх баку. З 1797 маршалак шляхты Ковенскага пав. Займаўся археалагічнымі раскопкамі курганоў і гарадзішчаў.

Літаратура:

Kossakowski S.K. Monografie historyczno-genealogiczne niektórych rodzin polskich. T. 1. 2 wyd. Warszawa, 1876;

Dolinskas V. Simonas Kosakovskis. Politinė ir karinė veikla Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje 1763—1794. Vilnius: Vaga, 2003.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.