Артыкулы: Катлы (Коцелы)

Катлы, Коцелы, шляхецкi род герба «Пелiкан». Паводле падання, запiсанага ў гербоўнiках А.Каяловiча, К.Нясецкага i iнш., паходзiлi ад славянскага князя 9 ст. Коцела, якi прыняў хрышчэнне ад святых Кiрылы i Мяфодзiя. З гэтай прычыны змяшчалi над родавым гербам выяву з княжацкай шапкай. На самай справе паходзiлi з баяр ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнiк роду — Кацёл, якi ў 1440—43 атрымаў ад вял. князя Казiмiра пацвярджэнне на маёнткi Смыкаў, Камарын i Зазарце ў Крамянецкiм пав. Найб. вядомыя:

Самуэль Геранiм (?—10.10.1685), сын Яраша. Пiсар скарбовы ВКЛ у 1649—66, войскi старадубскi ў 1652—58, ашмянскi падкаморы з 1666 і маршалак з 1678, стараста скiрстымонскi. Неаднаразова выбiраўся паслом на соймы, дэпутатам для рэвiзiй скарбу ВКЛ. Заклаў падмурак заможнасцi роду. У 1653 купiў частку Бенiцы, набываў вёскi ў Сапегаў, з 1668 трымаў Шавельскую эканомiю.

Мiхал Казiмiр (?—6.10.1722), сын Самуэля Геранiма. Стараста скiрстымонскi з 1674, маркаўскi з 1683, падкаморы ашмянскi з 1683, кашталян вiцебскi з 1685, троцкi з 1700, ваявода троцкi з 1703, вял. падскарбi ВКЛ з 1710. Быў прыхiльнiкам аўтаномii ВКЛ у рамках Рэчы Паспалiтай, варагаваў з Сапегамi. У 1698, калi стаў маршалкам Трыбунала ВКЛ, вакол яго з’ядналася антысапегаўскае кола шляхты, якое абвясцiла Мiхала Казiмiра генеральным палкоўнiкам ваяводстваў i паветаў ВКЛ. У 1698 абвясцiў збор паспалiтага рушэння для барацьбы з Сапегамi, удзельнiчаў у Алькенiцкай бiтве 1700. У час Паўн. вайны 1700—21 займаў антышведскую пазiцыю. Меў шматлiкiя маёнткi, у т.л. Хажова, Палонку, Бенiцу, Гануту, Маладзечна; у 1699—1703 трымаў Мсцiслаўскае стараства, потым стараста радунскi i краснасельскi. У 1700 заснаваў у Беніцы кляштар бернардзінцаў.

Тадэвуш (1736—99), сын Казiмiра. Стараста маркаўскi (1764), ашмянскi (1772), ген.-маёр войска ВКЛ.

Юзаф (20.9.1764—18.7.1810), сын Тадэвуша. Стараста больніцкі і яліцкі, валодаў Гарадзілавам і Юзафполлем у Ашмянскім пав. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сойм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791, чл. «Таварыства сяброў урадавай канстытуцыі». З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго адным са сваіх прадстаўнікоў пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім для кантролю за яго дзеяннямі. У маі 1794 пасланы радай да Т.Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ. 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў палітычным праціўнікам «якабінцаў» і Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы.

Мiхал Казiмiр (15.8.1767—22.3.1813), сын Тадэвуша. Шамбялян караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага (1786). Узначальваў ашмянскую парадкавую цывiльна-вайсковую камiсiю. У час вайны 1792 супраць рас. войск ротмiстр 28-й (пiнскай) харугвы 2-й брыгады нац. кавалерыi. У час паўстання 1794 зямянскi ген.-маёр Ашмянскага пав. Далейшы лёс невядомы. Пахаваны ў Бенiцы.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.