Артыкулы: Катэнбрынг (Katenbrіng) Юзаф
Катэнбрынг (Katenbrіng) Юзаф (18.7.1730, Добрэ-Места ў Варміі, Польшча—каля 1805), польскi пiсьменнiк, педагог. Пiсаў на польскай i лацінскай мовах. У 1745 уступіў у Вільні ў ордэн езуітаў, з 1758 ксёндз. Вучыўся ў Браневе, Святой Ліпцы, Вільні. З 1749 выкладчык паэтыкi, граматыкі, рыторыкi і нямецкай мовы ў Нясвiжы, у 1760—64 узначальваў там друкарню, пасля выкладаў у Гародні, з 1767 прэфект калегіума і выкладчык у кадэцкім корпусе ў Нясвіжы, у 1770—71 прэфект калегіума ў Менску, у 1771—73 — у Полацку. Зблізіўся з М.К.Радзівілам Рыбанькам і К.С.Радзівілам Пане Каханку, прысвячаў ім свае творы. У Нясвіжскім калегіуме былі пастаўлены барочныя трагедыі К. «Марнасць над марнасцю, або Томас Паўнд» («Próżność nad próżnościami abo Tomasz Poundus», Нясвіж, 1755) і «Сіроэс» («Syroes», 1758, тэкст загінуў). Выдаў у Нясвiжы некалькі казанняў на польскай мове. Пісаў лацінскія вершы, частка якіх увайшла ў зб. «Сотня Марыі» («Saeculum Marianum», Вільня, 1764). Быў вядомы як прапаведнік і бібліяфіл. У 1772 і 1773 наведваў Пецярбург у складзе дэлегацый, якія абмяркоўвала планы ўладкавання ордэна ў Рас. імперыі. З гэтай нагоды напiсаў на лац. мове паэму «Пецярбург — царыца паўночных гарадоў» («Petropolis urbium septentrionalium regina», без пазначэння месца выдання, 1773).У 1774 наведаў езуіцкія ўстановы ў паўн.-ўсх. Беларусі для іх новага ўладкавання, пасля выйшаў з ордэна. У 1775 як выхавацель Г.Радзівіла выехаў у Германію. З 1777 пробашч у Нясвіжы, дзе трымаў парафіяльную школу. Меў тытулы каноніка луцкага, з 1780 — кусташа смаленскага, у 1804 прэлат у Менску.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


