Артыкулы: кафля
кафля (ад ням. Kachel), керамічныя вырабы для пабудовы, аблямоўкі і дэкаратыўнага аздаблення печаў. На тэрыторыі ВКЛ К. пачала выкарыстоўвацца ў пач. 14 ст. (Полацк). Мяркуецца, што прыём выкарыстання К. пры пабудове печаў запазычаны майстрамі ВКЛ у нямецкага насельніцтва Прыбалтыкі. Вял. тэрыторыя дзяржавы, працяглы час ужывання К. спрыялі засаваенню на розных тэрыторыях ВКЛ разнастайных культурных уплываў у вытворчасці К.: нямецкіх, польскіх, вянгерскіх і інш. У сваю чаргу, ВКЛ перадала свой вопыт у вытворчасці К. Маскоўскай дзяржаве (16—17 ст.). Кафляныя печы спачатку ставілі ў дзярж. замках, рэзідэнцыях феадалаў, манастырах і кляштарах, у дамах шляхты і заможных гараджан. З канца 16—пач. 17 ст. яны зрабіліся неад’емнай часткай інтэр’ера жылых і грамадскіх пабудоў гарадоў і мястэчак, а ў 17 ст. з’явіліся і ў вясковых паселішчах, перш за ўсё ў корчмах, заезных дамах і ў шляхецкіх засценках. Асаблівасцямі К. з’яўляецца масавасць, трансфармацыя яе форм з развіццём канструкцыі печы, а арнаменту — у адпаведнасці са зменай мастацкіх стыляў (готыка, Рэнесанс, барока, ракако). Па сваім прызначэнні, па месцы, якое яна займае ў складанай архітэктоніцы печы, К. падзяляецца на сценную, карнізную, паясковую, навершы, медальёны, перамычкі, пакрыццё скляпення, а таксама базавую і калонкі. Большую частку камплекта печы складала сценная К., з якой выкладваўся асноўны аб’ём (сцены, ці «люстра») печы. Па канструкцыйных асаблівасцях вылучаюцца 4 віды сценнай К.: посудападобная, паўцыліндрычная, праразная і каробкавая (з вонкавай пласцінай і румпай). Посудападобная К., якая атрымала назву па форме, што нагадвае керамічны посуд, з’яўляецца найболын старажытнай. Па прапорцыях яна падзяляецца на гаршкападобную (вышыня тулава больш за папярочнік вусця) і міскападобную (папярочнік вусця большы за вышыню тулава).
Гаршкападобная К. (яе называюць таксама гаршковай і сотавай) падзяляецца на варыянты па форме вусця, якое рабілася круглым, квадратным, прамавугольным, трохвугольным, квадрыфалійным і трыфалійным (у выглядзе 4- ці 3-пялёсткавай разеткі), 6- и 8-пялёсткавым. Найбольш ранняя гаршкападобная К. мела круглае вусце. У Полацку яна знойдзена ў печы драўлянай пабудовы з дэндрадатай 1304, у камплектах печаў, пабудаваных у 14 і пач. 15 ст. У Лідскім замку К. з круглым вусцем выкарыстоўвалася з 1330-х г. да 16 ст. уключна, у Гародне — у 15—16 ст., у Крэўскім замку — да сярэдзіны 16 ст., у Гарадку на Падляшшы — у 15—16 ст., у Тыкоціне — у 1-й пал. 16 ст. у Мсціславе найбольш познія экземпляры датуюцца 16 і нават 17 ст., але мсціслаўская посудападобная К. не класіфікавана на гаршкападобную і міскападобную. Ніжняя мяжа перыяду бытавання К. з квадрыфалійным вусцем — 2-я пал. 14 ст. У Віцебску, Азярышчанскім, Лідскім і Крэўскім замках такая К. выкарыстоўвалася да канца 15 ст., а ў Мсціславе — і ў пач. 16 ст. У Гарадку на Падляшшы ўжывалася ў 15—16 ст., у Тыкоціне — у 1-й пал. 16 ст. У Заслаўскім замку і ў Міры найбольш познія знаходкі К. з квадрыфалійным вусцем паходзяць адпаведна з пластоў 1-й пал. 16 і 16 ст., але прадстаўлены яны адзінкавымі экземплярамі. Такая К. знойдзена ў Вільні, Коўне, Свержані, Клецку, Азярышчанскім замку, Луцку, Астрозе, Кіеве. Можна меркаваць, што вытворчасць такой К. спынілася ў канцы 15 — пач. 16 ст., хоць у камплектах некаторых печаў яна магла захоўвацца на працягу яшчэ некалькіх дзесяцігоддзяў. У Смалянах такая К. ўжывалася нават ў 17 ст. Рэдкая для Беларусі К. з трыфалійным вусцем знойдзена ў в. Здзітава Бярозаўскага р-на, дзе лакалізуецца летапісны горад Здзітаў (мяркуецца, што яны адносяцца да 2-й пал. 14—15 ст.) і падчас раскопак феадальнай сядзібы Лучна ў Полацкім р-не (канец 15—пач. 16 ст.). Гаршкападобная К. з 6-пялёсткавым вусцем знойдзена ў Тыкоціне на Падляшшы, дзе яна датуецца 1-й пал. 16 ст. На Падляшшы знойдзена і К. з 8-пялёсткавым вусцем. Знаходкі ранніх К. з квадратным вусцем датуюцца пач. 15 ст. ці канцом 14—пач. 15 ст. (Полацк, Лідскі, Крэўскі, Луцкі замкі, Астрог, Кіеў). У Вільні яны выкарыстоўваліся пры пабудове печаў у 15—16 ст., у Коўне — у канцы 15—пач. 16 ст., у Бельску на Падляшшы — 15—16 ст. Познія знаходкі К. гэтага варыянта датуюцца ў Міры пач.—1-й пал. 16 ст., у Мсціславе — 1-й пал.—сярэдзінай 16 ст., у Мазыры і Крычаве — 16 ст., у Дубровенскім замку — 1-й пал. 16 ст. У Крэўскім замку К. з квадратным вусцем выкарыстоўваліся да канца 16 ст. У Заслаўскім замку печ з такой К. была складзена ў 1-й пал. 16 ст. і існавала яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі 2-й пал. 16 ст. Блізкай да гэтага варыянта з’яўляецца гаршкападобная К. з прамавугольным вусцем, знойдзеная ў Мазыры ў пласце 16 ст. К. з вусцем у форме трохвугольніка з Вільні, Новагародка і Койданава датуецца 2-й пал. 14—15 ст., а з Гарадка на Падляшшы — 15—16 ст. У Гародні, на тэрыторыі езуіцкага калегіума, такая К. знойдзена з матэрыяламі 17 ст. З’яўленне К. з новым варыянтам афармлення вусця не спыняла вырабу больш ранніх мадыфікацый. Гаршкападобная К. адрозніваецца паміж сабой таксама і формай тулава, якое рабілася ў выглядзе перакуленага ўсечанага конуса, блізкім да цыліндра або бочкападобным. Усе экземпляры маюць круглае дно. У некаторых пераход ад цыліндрычнага тулава да фігурнага вусця афармляўся ў верхняй частцы ў выглядзе раструба. Працяглы перыяд вытворчасці гаршкападобнай К. абумовіў пэўныя змены як яе параметраў, так і тэхналогіі вырабу. Спачатку яна выраблялася на ручным ганчарным крузе ў тэхніцы налепу. Пра гэта сведчаць характэрныя борцікі па краі донцаў і наяўнасць клеймаў на донцах некаторых экземпляраў. У 15 ст. пачаўся пераход да вырабу К. на нажным ганчарным крузе ў тэхніцы выцягвання формы з аднаго кавалка глінянай масы. Сценкі ў такой К. звычайна больш тонкія і нярэдка маюць рыфленне. Гліняная маса для гэтай К. больш якасная, як правіла, без жарствы.
Міскападобная К., як мяркуюць даследчыкі, утварылася шляхам памяншэння вышыні тулава і павелічэння памераў вусця гаршкападобнай К. Яна падзяляецца на варыянты па форме вусця, якое рабілі круглым, квадратным, прамавугольным, 4- і 6-пялёсткавым. Міскападобная К. знойдзена ў асноўным у пластах, якія датуюцца 15 ст. (звычайна 2-й пал. 15 ст.) ці 15—16 ст. Але большасць знаходак падобнай К. прыпадае на пласты 16 ст. Працягвала вырабляцца міскападобная К. і ў 17 ст. Міскападобная К. з круглым і з квадратным вусцем пачала вырабляцца адначасова ці амаль адначасова. Супадае і верхняя мяжа іх бытавання. К. з прамавугольным вусцем знойдзена ў Мазыры (16 ст.), на тэрыторыі феадальнай сядзібы каля в. Мачуліна (Ваўкавыскі р-н) і можа датавацца 16—17 ст., з 4-пялёскавым вусцем — у Віцебску і Лідскім замку (15 ст.), Гарадку на Падляшшы (15—16 ст.), з 6-пялёскавым і квадратным — у Луцку (15—1-я пал. 16 ст.). Уся міскападобная К. кругладонная. Тулава яе магло пашырацца ў накірунку да вусця ў выглядзе варонкі ці паступова, так, што ў вертыкальным разрэзе К. нагадвала трапецыю. Некаторыя раннія экземпляры К. з круглым вусцем маюць бочкападобнае тулава. Часам міскападобная К. рабіліся з венцам, аформленым у выглядзе карнізіка. Выраблялася міскападобная К. пераважна на нажным ганчарным крузе, таму на сценках тулава нярэдка можна бачыць лёгкае баразнаватае рыфленне. Унутры міскападобная К. магла пакрывацца палівай, а яе донца аздабляцца рэльефнымі канцэнтрычнымі кругамі і разеткамі.
У асобных экземплярах гаршкападобнай К. Полацка 15 ст. унутраная паверхня донца арнаментавалася шматпялёсткавай разеткай. У адным экземпляры гаршкападобнай К. з круглым вусцем з Крэўскага замка унутраная паверхня сценак арнаментавана касымі палосамі. У некаторых экземплярах міскападобнай К. донца знутры таксама арнаментавалася разеткамі, выявамі кветкі, круга ці некалькіх кругоў, якія размешчаны па акружнасці. Адзін экземпляр міскападобнай К. 16 ст. з Заслаўскага замка звонку па верхнім краі тулава ўпрыгожаны фігурным налепам. З сярэдзіны 16 ст. ўнутраная паверхня часткі міскападобнай К. пакрывалася палівай пераважна зялёнага колеру.
Паўцыліндрычная К. мае галоўным чынам сюжэтныя выявы, выкананыя высокім рэльефам (гарэльефам) унутры прамавугольных паўцыліндрычных форм. Верхняя чатка такой К. звычайна закрыта масверкам. Яна адрозніваецца масіўнасцю, часам аздоблівалася паліваю. З паўцыліндрычнай К. складалася верхняя, круглая ў плане частка печы, а ніжняя частка набіралася з каробкавай К. У вял. колькасці паўцыліндрычная К. знойдзена падчас раскопак Ніжняга замка і Старога места Вільні. Вядома яна таксама з раскопак Коўна, Біржанскага замка, двара Агінскіх у Кронях і Білевічаў у Жамойці. Датуецца ў асноўным 1-й пал. 16 ст.
Праразная (ажурная, кратавая) К. мае гаршкападобнае тулава з круглым донцам і квадратным вусцем, якое перакрыта керамічнай пласцінай, арнаментаванай скразнымі прарэзамі. Яны рабіліся нажом і, магчыма, спецыяльнымі штампамі-формачкамі па сырой гліне. Гэта быў пераходны від ад посудападобнай К. да каробкавай. Праразная К. вядома ў ВКЛ у адносна невял. колькасці, але на шырокай тэрыторыі, сумарна датуецца 15—16 ст. На бел. тэрыторыі яна знойдзена ў Полацку, Клецку, Койданаве і Слуцку, на Украіне — у Кіеве і Астрожскім замку, сустрэта на Падляшшы (Тыкоцін, 1-я пал. 16 ст.). У Полацку фрагмент пласціны праразной К. знойдзены на Верхнім замку ў комплексе 1-й пал. 15 ст. Цэлы аналагічны экземпляр знойдзена ў развале печы 15 ст., раскапанай на тэрыторыі двара Віленскага ун-та. Пласціны клецкай ажурнай К. апрыгожаны арнаментам, які выкананы ў тэхніцы трохграннай разьбы і спалучае геаметрычныяі раслінныя матывы, а таксама маюць выявы людзей з наднятымі рукамі. Клецкая К. датуецца апошнімі дзесяцігодзямі 15—пач. 16 ст. Некаторыя экземпляры праразной К. з Ніжняга замка Вільні пакрыты зялёнай палівай.
Каробкавая К. складаецца з пласціны і румпы, з дапамогай якой яна мацавалася ў печы. З тыльнага боку такая К. нагадвае каробку, адсюль і яе назва. Па свайму прызначэнні каробкавая К. падзяляецца на сценную (з якой выкладвалася «люстра» печы), карнізную, паясковую. Каробкавая К. вельмі разнастайная. Яна можа быць мала-, сярэдне- ці вялікапамернай, мець квадратную ці прамавугольную пласціну, якая, у сваю чаргу, можа быць плоскай, увагнутай ці паглыбленай, мець па краях рамку. Пласціна можа быць арнаментаванай або неарнаментаванай. Арнамент выконваўся рэльефам (плоскім, нізкім, высокім) або роспісам. Па адсутнасці ці наяўнасці пакрыцця палівамі (эмалямі) К. падзяляецца на тэракотавую і паліваную (манахромную або, пры выкарыстоўванні паліў розных колераў, паліхромную). Манахромнай і паліхромнай была таксама распісная кафля. Рамка, якая абрамляла пласціну, магла быць простай, падвоенай, складанапрафіляванай, вузкай ці шырокай. Румпа рабілася круглай ці прамавугольнай (квадратнай) са скругленымі вугламі, мела розную вышыню, просты ці прафіляваны край.
Спачатку выраблялася толькі сценная каробкавая кафля. Вядома некалькі яе тыпаў: тэракотавая бязрамкавая К. з прамавугольнай пласцінай, арнаментаванай у тэхніцы барэльефа, радзей — гарэльефа (у Беларусі знойдзена пры раскопках Верхняга замка ў Полацку і ў Копысі, датуецца адпаведна сярэдзінай—2-й пал. 15 ст. і 15—пач. 16 ст., вял. калекцыі паходзіць з Віленскага Ніжняга замка), вялікапамерная прамавугольная К., вонкавая пласціна якой дугападобна ўвагнутая (знойдзена ў Гарадку Маладзечанскага р-на, Друі, Мядзельскім замку, Клецку, датуецца 1-й пал. 16 ст.), К. з моцна паглыбленай квадратнай ці прамавугольнай пласцінай, аточанай рамкай шырынёй 0,6—1 см, ад якой пласціна рэзка паглыбляецца на 1,2—2,5 см, утвараючы па краях своеасаблівыя «адхоны» шырынёй 1,5—2 см (такая К. з разнастайнымі выявамі знойдзена ў Луцку, дзе датуецца 15 ст., у Клецку, сядзібе Лошыца Сухая, Заслаўскім, Гарадоцкім, Мядзельскім, Мірскім і Лідскім замках, Гародні, Менску, Мазыры, Крычаве, датуецца 16—пач. 17 ст.), К. з плоскай пласцінай, арнаментаванай пераважна плоскім рэльефам (шарока распаўсюджана па Беларусі і Літве ў 16—18 ст.). Матывы і сюжэты арнаменту, якімі ўпрыгожвалася К. апошняга тыпу, вельмі разнастайныя. Сярод іх геаматрычныя і раслінныя матывы, выявы кветак, букета ў вазе, жывёл, рэлігійныя выявы, гербы. З 17 ст. распаўсюджваецца новы тып арнаменту — дывановы, у якім дэкор асобнага экземпляра К. быў не завершанай кампазіцыяй, а толькі часткай малюнка, якая злівалася ў непадзельнае цэлае з суседнімі. У арнаментыцы дывановай К. выкарыстоўваюцца раслінны і геаметрычны матывы. Яна выраблялася і ў 18 ст. Да асобнага тыпу адносіцца неарнаментаваная тэракотавая і зялёнапаліваная каробкавая К. 18 ст., бязрамачная або акаймаваная вузкай і нізкай, часам падвоенай рамкай. У 18 ст. распаўсюджваецца К. з распісным (маляваным) арнаментам. Яе вонкавая пласціна квадратная або прамавугольная, малюнак выконваўся вогнетрывалымі фарбамі па белай паліве (эмалі). Прысутнічаюць выявы антычных ваз або ўрн, галандскіх дамкоў, бытавыя сцэны, міфалагічныя істоты, пейзажы, некаторыя пласціны цалкам пакрываліся выявамі кветак. У сярэдзіне—2-й пал. 18 ст. выраблялася паліхромная К. з дывановым арнаментам.
Карнізная К. ў печах простай канструкцыі разам з каронкамі аздабляла верх, у печах са складанай архітэктонікай служыла таксама для сувязі паміж ярусамі, магла размяшчацца ў аснаванні печы як базавая. Канструкцыйна яна складалася з прафіляванай пласціны і румпы. Рамка абмяжоўвала толькі верх і ніз пласціны, але на асобных вырабах яна ёсць і па баках. Найбольш ранняя карнізная К. з Ніжняга замка Вільні датуецца 2-й пал. 15 ст., а з тэрыторыі Беларусі — 1-й пал.—сярэдзінай 16 ст. (Гарадоцкі і Заслаўскі замкі). У 2-й пал.—канцы 16 ст. з’явіліся новыя варыянты прафілёўкі пласціны: з выгнутай ніжняй і плоскай верхняй часткамі, з увагнутай дугападобнай пласцінай, якая магла падзяляцца рэльефным паяском на 2 часткі. У 17 ст. колькасць варыянтаў прафілёўкі значна павялічылася. З’явілася К. з мяккапрафіляванай пласцінай, у якой адна частка (верхняя або ніжняя) увагнутая, другая выгнутая; ёсць пласціны 3-часткавыя: з плоскай сярэдняй і прафіляванымі вузкімі верхняй і ніжняй часткамі; у некаторых 2-часткавых пласцін плоская або прафіляваная частка таксама робіцца вузкай; у сярэдзіне—2-й пал. 17 ст. пачынаюць вырабляць К. з выпуклай валікападобнай пласцінай. Вельмі рознымі былі таксама памеры і прапорцыі карнізнай кафлі, ёсць пласціны амаль квадратныя, прамавугольныя шырокія і вузкія. На К. з 2-часткавай пласцінай арнамент мог быць суцэльным — геральдычным, міфалагічным (пры гэтым мяжа паміж часткамі не акцэнтавалася рэльефным паяском), але часцей кожная частка пласціны мела асобны дэкор. Арнаментальныя матывы абедзвюх частак маглі быць аднатыпнымі (геаметрычны, раслінны) ці рознымі (геральдычны, геаметрычны, рэлігійны ў спалучэнні з раслінным ці лускападобным і г.д.). На некаторых вырабах у арнаменце кожнай часткі маглі спалучацца 2 матывы. З канца 17 ст. частка К. выраблялася без арнаменту і без рамкі. У 18 ст. распаўсюдзілася распісная К., але адначасова для печаў з гладкай паверхняй сцен выраблялі карнізная К. з барэльефным і гарэльефным дэкорам.
Паясковая К. служыць для падзелу яруса печы на асобныя гарызантальныя часткі або для акцэнтавання карніза. У апошнім выпадку яна размяшчаецца непасрэдна пад карнізнай К. Пласціна ў паясковай К. вузкая падоўжаная. Найбольш раннія экземпляры паясковай К. датуюцца сярэдзінай 16 ст. (Мядзельскі замак) і канцом 16 ст. (палац Стафана Баторыя ў Старым замку ў Гародні). Найбольшае распаўсюджанне яна мела ў канцы 16—пач. 18 ст. Памеры і прапорцыі пласціны ўплывалі на характар дэкору. Дамінавалі розныя варыянты расліннага арнаменту: вінаградныя гронка і лаза, розныя кветкі, парасткі, лісце; радзей сустракаецца К. з матывамі «каванага металу», нескладаным геаметрычным, рэлігійным (выявы херувімаў) ці зааморфным (марскія конікі, ільвы і фантастычныя жывёлы) арнаментамі, выявамі гербаў. Паясковая К. з сюжэтным арнаментам сустракаецца вельмі рэдка і толькі ў замках. Паясковай К. былі ўласцівы тыя ж эвалюцыйныя змены, што і карнізнай: з сярэдзіны 17 ст. на некаторых экземплярах раслінны арнамент будаваўся па прынцыпе гірлянды; з канца 17 ст. выраблялася бязрамкавая і неарнаментаваная К.; з 18 ст. распаўсюджваліся распісныя вырабы.
Медальёны, ці пано, аздаблялі цэнтральную частку паверхні печы. На тэрыторыі Беларусі знойдзены яны толькі ў Заслаўскім і Мірскім замках. Магчыма, у якасці пано выкарыстоўвалася і магілёўская вялікапамерная К. 2-й пал. 17 ст. з сюжэтнымі і геральдычнымі выявамі.
Перамычкі служылі, верагодна, для прыкрывання шырокіх швоў паміж гарызантальнымі радамі К. ў печы. Складаліся яны з вузкай выпуклай або прафіляванай прамавугольнай пласціны і плоскага мацавання трохвугольнай, пяцівугольнай або паўавальнай формы. Пласціны арнаментаваныя раслінным і геаметрычным дэкорам. Знойдзены яны ў невялікай колькасці, датуюцца 17 ст.
Вуглавая К. забяспечвала бясшоўную стыкоўку паміж гранямі прамавугольных або квадратных у плане печаў. Выраблялася розная вуглавыя К. — сценныя, карнізныя, перамычкі. Яна пачала выкарыстоўвацца ў печах на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне 16 ст. Шырыня бакавой пласціны вуглавой К. рабілася ўдвая вужэйшай за фасадную. Яна магла мець асобны дэкор, але ў шмат якіх печах у якасці бакавой выкарыстоўвалася палова фасаднай пласціны. Спецыяльная вуглавая карнізная К. з’явілася ў Беларусі толькі ў 1-й пал. 17 ст. (Куцеінскі Богаяўленскі манастыр). Верагодна, з гэтага ж часу вырабляліся і вуглавыя перамычкі.
Калонкі, ці балясіны, якія выкарыстоўваліся ў печах з «люстэркам» (паглыбленай часткай паверхні), былі апорай фрыза або упрыгожвалі верхні ярус печы ніжэй карніза, у Беларусі не знойдзены. Аднак у калекцыях з Заслаўскага і Лоскага замкаў ёсць фрагменты К. з рэльефнай імітацыяй калонкі, а на экземплярах з вузкай паглыбленай пласцінай з Глускага замка і Гальшан — рэльефная выява балясіны.
Каронкі і навершы аздаблялі верх печы і размяшчаліся над карнізам. Мацаваліся яны пры дапамозе плоскай пласціны. Каронкі ўваходзілі ўжо ў кампазіцыю печаў з праразной кафлі. Па абрысах яны нагадвалі зубчасты верх вежы або абарончай сцяны, адсюль і другая іх назва — «гарадкі». Каронкі з Ніжняга замка Вільні канца 15—пач. 16 ст. маюць выяву жаночай фігуры ў стрэльчатай арцы. У 1-й пал.—сярэдзіне 16 ст. пачалі вырабляцца каронкі з выявамі размешчаных у рад лісця ці крынаў (лілеяў), апошнія выкарыстоўваліся ў канцы 16—17 ст. у печах з геральдычнай К. Арнамент каронак перадаваўся рэльефам і прарэзамі, дамінуюць раслінныя і геаметрычныя матывы, сюжэтныя выявы ёсць на каронцы з Гародні. У 17—18 ст. частка каронак аздаблялася выключна рэльефам. Навершы размяшчаліся паміж каронкамі на рагах печы і па цэнтры гал. яе фасада. Тыя, што ўстанаўліваліся па цэнтры фасада, вызначаліся большай (адносна каронак) вышынёй. Вырабы канца 16—17 ст. сваёй складанай канфігурацыяй нагадвалі франтоны барокавых пабудоў. Арнаментаваліся яны раслінным дэкорам, выявай вазы з букетам, радзей — маскаронам. Для рагоў прызначаліся невял. навершы з барэльефнымі маскаронамі і цыбулепадобныя купалкі. У 16 ст. частка каронак і навершаў вырабляліся непасрэдна з пласцін сценнай К. Вырэзваліся яны па сырой пласціне, прычым пры вырабе каронак на цэласнасць арнаменту пласціны не зважалі. Каронкі і навершы ўваходзілі ў камплекты далека не ўсіх печаў; шмат якія печы аздабляліся ўверсе толькі карнізнай К.
Пакрыццё купала, ці скляпення, печы ажыццяўлялася спецыяльнай К. з выгнутай пласцінай. Вырабы сярэдзіны 16 ст. з Лідскага замка ўпрыгожаны нескладаным геаметрычным арнаментам, больш познія арнаментаваліся рэльефнай луской (Крычаў, Заслаўскі, Лідскі, Мірскі замкі і інш.). У Гарадоцкім замку знойдзены фрагменты пакрыцця купала таўшчынёй да 2,2 см, упрыгожаныя сетчатым арнаментам з буйных ромбаў белага і зялёнага колеру (16 ст.). Такое ж пакрыццё, але неарнаментаванае тэракотавае, знойдзена ў развале печы канца 17 ст. у фальварку Заслаў.
Абрамленні вусця печы ў невял. колькасці знойдзены ў Віцебску, Дзісне, Дуброўне, Менску, Магілёве, Полацку. Абрамленне рабілася суцэльным аркападобным ці складвалася з асобных тэракотавых «цаглінак» Г- ці П-падобнага профілю. Упрыгожвалася яно хвалістым, зігзагападобным, сетчатым арнаментам і адбіткамі круглых ці квадратных штампаў з выявамі кветкі, салярных знакаў, геаметрычных фігур. Раннія вырабы датуюцца 15 ст., познія знойдзены разам з К. 17 ст. Тэракотавыя пячныя засланкі знойдзены ў Дзісне і Полацку, датуюцца адпаведна канцом 16—17 і сярэдзінай—2-й пал. 18 ст.
Літаратура:
Розенфельд Р.Л. Белорусские изразцы // Материалы и исследования по археологии СССР. М., 1969. № 169;
Tautavičius A. Vilniaus pilies kokliai. Vilnius, 1969;
Левко О.Н. Витебские изразцы XIV—XVIII вв. Минск, 1981;
Паничева Л.Г. Хронология белорусских изразцов XIV—XVII вв. // Краткие сообщения Ин-та археологии. М., 1984. [Вып.] 179;
Каталинас К. Вильнюсские пластинчатые изразцы с «кованным» орнаментом // Древности Литвы и Белоруссии. Вильнюс, 1988;
Яго ж. Новые находки готических изразцов в Вильнюсе // Памятники культуры: Новые открытия: Письменность. Искусство. Археология: Ежегодник. 1992. М., 1993;
Беларуская кафля. Мінск, 1989;
Vilniaus Žemutinės pilies rūmai. T. 1—5. Vilnius, 1989—2003;
Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мінск, 1990;
Яго ж. Кафля і кафляныя печы // Археалогія Беларусі. Мінск, 2001. Т. 4;
Трусаў А.А. Беларускае кафлярства. Мінск, 1993;
Троневич П.О. Типологічний розвиток луцьких кахлів в XIV—XVIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 1996. № 8;
Клімаў М.В. Матэрыялы да рэканструкцыі печаў з посудападобнай кафляй // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Мінск, 2003. № 7;
Здановіч Н.І. Кафлярства ў Беларусі: (на матэрыяле калекцыі полацкай кафлі). Мінск, 2005;
Кушнеревич А.Н. Готические изразцы Великого Княжества Литовского // Памятники культуры: Новые открытия: Письменность. Искусство. Археология: Ежегодник. 2004. М., 2006;
Średniowieczne i nowożyt nekafle: Regionalizm — podobieństwa — różnice. Białystok, 2007.
© Юрый Заяц, Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


