Артыкулы: кафлярства

кафлярства, рамяство па вырабе пячной кафлі. Кафля ў канструкцыях печаў пачала выкарыстоўваецца на тэрыторыі Беларусі ў пач. 14 ст. Аднак уласная вытворчасць яе была наладжана крыху пазней. Хоць ранняя гаршкападобная кафля мала чым адрознівалася ад звычайнага посуду, выраб яе мясцовыя майстры засвоілі не адразу. Так, у Полацку каля сярэдзіны 14 ст. ў печы пабудовы, што знаходзілася побач з княскім церамам, недахоп кафлі быў дапоўнены імітацыйнымі керамічнымі «балванкамі». Але часцей запрашалі майстра для вырабу кафлі на месцы. Аб замежным паходжанні кафляра, які працаваў для Лідскага замка ў сярэдзіне 14 ст., сведчыць кляймо ў выглядзе літары Z. Распаўсюджванне кафляных печаў і, як вынік, павелічэнне попыту на кафлю прывялі да зараджэння і пашырэння мясцовай вытворчасці. Уключаліся ў яе і ганчары, аб чым сведчыць падабенства некаторых вырабаў са звычайнымі гаршкамі, аж да наяўнасці рабрыстага плечука, характэрнага для посуду 14—16 ст. Мясцовае К. развівалася пад моцным уплывам Цэнт. і Зах. Еўропы. З узнікненнем цэхаў бел. рамеснікі перад экзаменам на званне майстра рабілі «вандроўку» у суседнія краіны, дзе ўдасканальвалі свае ўмельства. Замежныя майстры высокай кваліфікацыі запрашаліся для будаўніцтва печаў у парадных пакоях магнацкіх палацаў і замкаў. Пра гэта сведчыць характар арнаменту (выявы людзей у заходніх строях, ландскнехтаў, якіх не было ў войску ВКЛ, вобразы «перакуленага свету», колеравая гама паліў на кафлі з Друі, Гарадоцкага і Мядзельскага замкаў, лацінскія літары на румпе кафлі 16 ст. з Клецка). Сувязь з замежжам, асабліва з германскімі і, магчыма, ордэнскімі землямі, прасочваецца і па тэрміналогіі кафляроў: нямецкае паходжанне маюць словы кафля (Kachel), цанінная кафля (ад Zinn волава, што ўваходзіла ў склад палівы), кунштоўная кафля (ад Kunst мастацтва), гзымсавая кафля (варыянт назвы карнізнай кафлі, ад Gesimse). Большасць навацый, якія прыўносілі замежныя майстры, хутка засвойваліся мясцовымі рамеснікамі, якія творча развівалі арнаментальныя сюжэты з улікам павеваў высокай готыкі, Рэнесансу, барока і г.д. Напрыклад, ужо ў 1-й палове 16 ст. у Клецку выраблялася каробкавая кафля, аздаблялася яна нескладаным геаметрычным арнаментам, які нагадвае дэкор керамічнага посуду. Больш складаным па змесце, але даволі прымітыўным па ўзроўні выканання з’яўляецца арнамент тэракотавай кафлі з Мядзельскага замка (сцэна нападу мядзведзя на вершніка). Хутка мастацкая вартасць арнаменту мясцовай К. паляпшылася, што было абумоўлена поспехамі бел. разбяроў па дрэве (матрыцы для кафляных форм часта вырэзваліся з дрэва). Нездарма ў упрыгожванні царскіх палацаў і манастыроў у Рас. дзяржаве бралі ўдзел кафляры і разбяры па дрэве з Беларусі. Запазычаныя тыя ці іншыя арнаментальныя малюнкі (ваза з букетам, матывы каванага металу і г.д.) бел. майстры творча развівалі і ўзбагачалі. Развіццё кафлянай вытворчасці стымулявалася павелічэннем попыту на кафлю з боку сярэдняй і дробнай шляхты, мяшчан. Сляды мясцовай кафлянай вытворчасці ў выглядзе бракаванай прадукцыі знойдзены у шмат якіх гарадах і некаторых мястэчках; у Друі, Клецку, Менску знойдзены фрагменты форм для вонкавых пласцін каробкавай кафлі, а гораны для абпальвання кафлі — у Друі і Менску. Паводле пісьмовых крыніц, вытворчасцю кафлі звычайна займаліся ганчары. Так, у 1792 клецкі ганчар Юзаф Крыніцкі вырабіў для адміністрацыі гэтага радзівілаўскага горада 297 гліняных пасудзін, 180 вазонаў і 3 наборы кафляных печаў (ён жа і сабраў печы).

© Юрый Заяц, Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.